4 траўня 2024, Субота, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі ПЭН-цэнтр: Ірына Халіп знакамітая сваімі адважнымі рэпартажамі

4
Нямецкі ПЭН-цэнтр: Ірына Халіп знакамітая сваімі адважнымі рэпартажамі

Генеральны сакратар ПЭН-цэнтра распавёў, чаму менавіта беларуская журналістка была ганаравана прэміі Хермана Кестэна.

Як паведамляў сайт charter97.org, ганаровая прэмія, заснаваная ПЭН-цэнтрам Германіі, у гэтым годзе прысуджана беларускай журналістцы Ірыне Халіп, карэспандэнту расейскай «Новой газеты» у Менску. У 2011 годзе Халіп, жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

Генеральны сакратар нямецкага ПЭН-цэнтра Херберт Візнэр у інтэрв'ю Deutsche Welle распавёў пра тое, як адбываўся выбар лаўрэата прэміі.

- Чаму было вырашана ўзнагародзіць менавіта Ірыну Халіп?

- Беларусь апынулася ў фокусе ўвагі ўсіх, хто займаецца абаронай праў чалавека, пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года і шматлікіх арыштаў, якія рушылі ўслед за гэтым. Ірына Халіп знакамітая сваімі адважнымі рэпартажамі. Нам вядома, што яе арыштавалі, калі яна па тэлефоне ў эфіры адной з радыёстанцый распавядала пра тое, што адбываецца 19 снежня ў Менску. Доўгі час журналістка знаходзілася пад хатнім арыштам. Ёй забаронена пакідаць межы Беларусі. Мы нават не ведаем, ці зможа яна прыехаць на цэрымонію ўручэння прэміі, якая адбудзецца 11 лістапада ў Дармштаце.

- Што вы будзеце рабіць, калі Ірына Халіп не зможа прыехаць?

- Пустыя крэслы на цэрымоніі ўручэння прэміі - гэта ўжо, у некаторым родзе, традыцыя. Лаўрэат 2010 года, кітайскі праваабаронца Лю Сяабо не змог асабіста прыняць узнагароду. Мы хацелі запрасіць яго жонку, але яна таксама не змагла прыехаць, таму што знаходзілася пад хатнім арыштам. Магчыма, традыцыя «пустога крэсла» атрымае працяг і ў гэтым годзе. Але ж мы яшчэ гэтага дакладна не ведаем.

- Якім чынам адбываўся выбар лаўрэата прэміі на гэты раз?

- У нас было тры кандыдата, двое з іх - не з Беларусі. Рашэнне прымалася калегіяльна прэзідыумам і праўленнем нашай арганізацыі. Мы падтрымліваем кантакт з беларускім ПЭН-цэнтрам і ведаем, што сярод беларускіх журналістаў ёсць шмат калег, праца якіх варта ўзнагароды. Мы выбралі Ірыну Халіп.

- Што вы хацелі сказаць тым, што прысудзілі прэмію беларускай журналістцы?

- Наша пасланне трэба разумець у кантэксце рэпартажаў Ірыны Халіп і яе пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Вядома, мы выступаем супраць прысуду незалежнай журналістцы, супраць парушэнняў праў чалавека. У гэтым і складаецца ідэя прэміі імя Германа Кестэна. Яна ўручаецца журналістам і пісьменнікам, якія ўнеслі асаблівы ўклад у абарону праў чалавека альбо якія падвяргаюцца палітычным рэпрэсіям.

Нагадаем, у 1995 годзе дадзеную прэмію атрымаў пісьменнік Гюнтэр Грас, у 2001-м - драматург Гаральд Пінтэр, у 2003-м - журналістка «Новой газеты» Ганна Паліткоўская.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках