3 траўня 2024, Пятніца, 22:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронца Алег Волчак зноў стаў выязным

4
Праваабаронца Алег Волчак зноў стаў выязным

22 жніўня суд Цэнтральнага раёна адмовіў Алегу Волчаку ў задавальненні скаргі на неправамерныя дзеянні МУС і Мінюста, па віне якіх ён трапіў у «спіс невыязных».

Грамадзянскую справу разглядала суддзя Алена Сямак. Нагадаем, што раней яна па аналагічнай нагодзе прызнала незаконнымі і неабгрунтаванымі скаргі дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Андрэя Бандарэнкі і намесніка старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча, права якіх на выезд з Беларусі часова абмежавалі МУС і Міністэрства абароны.

Як паведаміў інтэрнэт-газеце Naviny.by Алег Волчак, скаргу ў суд ён накіраваў 11 ліпеня, пасля таго як вычарпаў усе магчымасці знайсці праўду шляхам перапіскі з ведамствамі, якія ківалі адзін на аднаго, але не маглі выразна растлумачыць, як ён трапіў у базу асоб , якім часова абмежаваны выезд з краіны.

«Падставай для гэтага стала нібыта існаванне ў дачыненні да мяне, - кажа праваабаронца, - нейкага грамадзянскага пазову. Адкуль ён узяўся, у якім судзе знаходзіцца, хто са мной судзіцца - ніхто не ведаў. Я лічыў, што ўнясенне маіх дадзеных у банк дадзеных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права на выезд якіх з краіны часова абмежавана - праява ціску на праваабаронцу, што строга забараняецца арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Дэкларацыяй аб правах праваабаронцаў, зацверджаных ААН, таму мне нічога не заставалася, як звярнуцца ў суд».

Суддзя ж Сямак, па ўжо існуючай традыцыі, праігнаравала пазіцыю заяўніка і ўстала на бок прадстаўнікоў Мінюста і МУС, для якіх усё тое, што адбылося з апазіцыйнымі палітыкамі, праваабаронцамі, журналістамі, адвакатамі - не больш чым «тэхнічны збой». Як раней паведамляў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, «збой» здарыўся ў перыяд з 24 лютага па 10 сакавіка. Усяго такіх «тэхнічных збояў», па словах афіцэра, адбылося «менш пяцідзесяці». Каментаваць, якім чынам гэта адбылося, і хто вінаваты ў гэтым збоі, Бягун адмовіўся. У справе Волчака прадстаўнік МУС Грыб павёў сябе аналагічным чынам.

«Я пацікавіўся ў яго вынікамі службовай праверкі, якая нібыта праводзілася, - кажа Алег Волчак. - Дзе гарантыі, што «збой» зноў не здарыцца? Але ён мне адказаў, што гэта службовая інфармацыя, якая разгалашэнню не падлягае. Паводле яго слоў, на 22 жніўня, майго прозвішча больш няма ў іх банку дадзеных асобаў, якім часова абмежаваны выезд з краіны».

З сённяшняга дня афіцыйна праваабаронца вольны пакідаць межы Беларусі. Ці надоўга такая свабода, калі ўлічыць, што з міліцэйскай базы невыязных вельмі лёгка трапіць у базу КДБ?..

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках