17 траўня 2024, Пятніца, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інвестараў прывабіць не атрымліваецца

11
Інвестараў прывабіць не атрымліваецца

Беларусь скасоўвае дамову з кіпрскай кампаніяй Renaissance Investments Limited аб прадстаўленні інтарэсаў дзяржавы па пытаннях прыцягнення інвестыцый.

Паўнамоцтвы інвестыцыйнага агента былі прадастаўлены кіпрскай кампаніі ўрадавай пастановай ад 5 кастрычніка 2010 года, піша «Завтра твоей страны».

C дапамогай гэтага інвестагента планавалі прыцягнуць інвестыцыі ў прадпрыемствы лёгкай, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці. Але амаль за два гады працы ў Беларусі кіпрскай кампаніі не ўдалося рэалізаваць ні аднаго праекта, што і стала прычынай закрыцця офіса. Чаму ў беларускіх улад не складваюцца адносіны не толькі з інвестарамі, але і з іх пасрэднікамі?

Эканаміст Леў Марголін адзначае, што ў кіпрскай кампаніі была задача знайсці інвестараў, размясціць пры выпадку каштоўныя паперы, гэта значыць, аказаць пасрэдніцкія паслугі.

- Нашым уладам здаецца, што калі яны знойдуць класную кампанію, якая займаецца гэтымі справамі, то яна ўжо абавязкова прывядзе інвестараў. А праблема ў наступным: каб прадаць тавар, перш за ўсё, трэба, каб гэты тавар быў належнай якасці. Інвестыцыйныя магчымасці Беларусі - тавар, на які цяпер вельмі складана знайсці пакупніка. Таму складаюцца дамовы то з адной, то з другой кампаніяй, але праз нейкі час высвятляецца, што ім нічога не ўдалося зрабіць, і гэтыя дамовы скасоўваюцца, - сцвярджае эксперт.

На думку Льва Марголіна, у Беларусі няма нармальных умоў для прыцягнення інвестараў.

- Няма заканадаўчай стабільнасці, няма рэальнай незалежнасці судовай улады, да якой можна было б апеляваць у выпадку чаго. Дэкрэты прэзідэнта маюць сілу вышэй, чым законы. Інвестары, якія звычайна заўсёды нарасхват, цяпер падчас крызісу наогул на вагу золата. Усе краіны спрабуюць прыцягнуць капіталы з-за мяжы, а інвестары ў такія часы становяцца вельмі асцярожнымі. Інвеставаць у Беларусь можна толькі ў тым выпадку, калі цябе тут чакае 300% прыбытку, а такіх праектаў зараз асабліва не праглядаецца. Так што не апраўдаў чаканняў і кіпрскі кансультант, які павінен быў вырашаць гэтыя пытанні. Але я думаю, што належных высноў з гэтага ўлады не зробяць.

Знойдуць яшчэ якога-небудзь пасярэдніка, паабяцаюць яму большы працэнт, каб ён ухапіўся за гэтую ідэю. Той таксама патузаецца і адмовіцца. Змяняць трэба клімат, - падкрэслівае эканаміст.

Дырэктар па даследаваннях Ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман лічыць, што нават самы ўшлы пасярэднік не зможа прывабіць у Беларусь сур'ёзных інвестараў, пакуль у краіне не адбудзецца шэраг змяненняў.

Ніякі сур'ёзны інвестар не пойдзе ў краіну, дзе існуюць сур'ёзныя палітычныя рызыкі. Другая праблема - макраэканамічная стабільнасць. Аманскі інвестар, які павінен быў рабіць забудову ў цэнтры Менска ў раёне вуліц Багдановіча і Купалы, вымушаны быў сысці пасля леташняга макраэканамічнага крызісу і, у прыватнасці, дэвальвацыі. Яны пералічылі свой праектны прыбытак і зразумелі, што няма ніякага сэнсу працягваць гэты праект. І трэці фактар - заканадаўчая непрадказальнасць. Законы ў нас змяняюцца часцей, чым надвор'е. Да таго ж, у нас любяць прыняць закон са зваротнай сілай дзеяння. Напрыклад, у студзені былі прынятыя папраўкі па экалагічнаму падатку.

Бізнесмены раніцай прачнуліся і ўбачылі, што ім трэба заплаціць падатак за ўжо мінулыя паўгода, хоць такога закона раней не было. Пакуль гэтыя праблемы не будуць вырашаны, не варта чакаць, што ў Беларусь пойдуць нармальныя інвестыцыі. Можна прыцягнуць нейкія разавыя інвестыцыі, дамовіцца з якім-небудзь шэйхам або прэзідэнтам краіны, але на паточныя добрыя інвестыцыі разлічваць не варта, - адзначае Яўген Прэйгерман.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках