13 лiстапада 2024, Серада, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская амбасада ў Кыргызстане просіць «прыняць меры»

13
Беларуская амбасада ў Кыргызстане просіць «прыняць меры»

Акцыі пратэсту каля будынку амбасады Беларусі ў Бішкеку ставяць пад пагрозу яго працу, заяўляюць у дыпмісіі.

Амбасада Беларусі ў Кыргызстане занепакоена тым, што шэраг СМІ гэтай краіны мусіруе ў інфармацыі «фактар Бакіева», а таксама абвастрэннем асобнымі грамадскімі аб'яднаннямі і групамі асоб абстаноўкі вакол беларускай дыпмісіі, гаворыцца ў заяве беларускай амбасады, размешчанай на яе сайце.

«Амбасада выказвае заклапочанасць падобнымі правакацыйнымі дзеяннямі, якія ставяць пад пагрозу функцыянаванне дыпламатычнага прадстаўніцтва і бяспеку яго супрацоўнікаў. На падставе гэтага выказваем надзею на прыняцце кыргызскім бокам адпаведных мер», - адзначаецца ў дакуменце.

Міліцыя Кыргызстана распачала крымінальную справу па факце нападу на беларускую амбасаду ў сталіцы рэспублікі.

«У Ленінскі РАУС Бішкека паступіла заява з просьбай устанавіць асобы тых, хто кідаў камяні ў будынак амбасады Беларусі і кампенсацыі панесенай шкоды» - паведамілі ў сераду ў прэс-службе Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў (ГУУС) сталіцы Кыргызстана.

Дыппрадстаўніцтва Беларусі ўзята пад узмоцненую ахову.

«Нашы следчыя органы вядуць расследаванне па артыкуле «хуліганства», - паведамілі ў Дэпартаменце дзяржаўнай спецыялізаванай службы аховы (ДДССА) МУС.

Нагадаем, каля беларускай амбасады ў Кыргызстане ўчора прайшоў мітынг, у якім прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Члены арганізацый пацярпелых і загінулых у красавіцкіх падзеях 2010 года паспрабавалі прарвацца ў будынак амбасады, але ўваход блакавала служба аховы дыпмісіі і ўзмоцнены нарад міліцыі. Мітынгоўцы пачалі кідаць камяні ў вокны амбасады, а таксама разбілі шкло на стэндзе і гаршкі з раслінамі.

Як паведамляў сайт charter97.org, у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» апублікавалі фатаграфіі Жаныбека Бакіева, які шпацыраваў па цэнтры Менска 17 жніўня.

Фотаздымкі выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вербальную ноту «аб прыняцці вычарпальных мер па больш хуткаму затрыманню грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кыргызскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаванні, Міністэрства замежных спраў Кыргызстана 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзення кансультацый.

Былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках