23 траўня 2024, Чацвер, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы памятаем

27
Мы памятаем

16 верасня споўнілася 13 гадоў з часу знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Віктар Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, а затым сышоў у апазіцыю, і Анатоль Красоўскі бясследна зніклі 16 верасня 1999 года. Увечары яны пайшлі ў лазню, размешчаную ў Менску па вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў «Джып-Чэрокі», які належыць Красоўскаму.

Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага ўзбудзіла пракуратура Менска. Па дадзеных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзены аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў сігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці вывадаў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзены невядомымі асобамі.

Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у дачыненні да іх выкрадання вышэйшых службовых асоб краіны.

Як паведаміў БелаПАН юрыст Гары Паганяйла, справу аб знікненні Ганчара і Красоўскага намінальна працягвае расследаваць пракуратура Менска. «Пракуратура рэгулярна паведамляе, што праводзяцца следчыя дзеянні, аднак ні аб выніках гэтых следчых дзеянняў, ні аб іх сутнасці нікому не паведамляецца. Я лічу, што ўлады чакаюць, калі знікненню Ганчара і Красоўскага споўніцца 15 гадоў і тады гэта справа можа быць спынена за заканчэннем тэрміну даўніны», - кажа юрыст.

Рэальнае расследаванне справы, адзначыў ён, можа аднавіцца ў выпадку змены існуючай улады. «Тады гэта справа атрымае іншую кваліфікацыю - напрыклад, па артыкуле 128 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае выкраданне і знікненне чалавека, звязанае з яго палітычнай дзейнасцю, як злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Такія злачынствы не маюць тэрміну даўніны», - падкрэсліў Паганяйла.

Тым больш, дадаў ён, што справа аб знікненні Ганчара і Красоўскага зараз знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. «Года паўтара-два таму праваабаронцы давалі свае каментары на адпаведныя каментары ўлады, дасланыя ў ААН, як гэта прадугледжана працэдурай разгляду справы. Далей Камітэт па правах чалавека ААН дзейнічае сам - перакладае матэрыялы справы і працягвае разгляд. Справы там могуць разглядацца па 4-5 гадоў», - заўважыў юрыст.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках