17 чэрвеня 2026, Серада, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Армянскі генерал разлічвае на беларускіх салдат

35
Армянскі генерал разлічвае на беларускіх салдат

У выпадку ваеннай агрэсіі супраць Арменіі з краін Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) рэальна змогуць дапамагчы Расея і Беларусь.

Пра гэта заявіў высокапастаўлены армянскі ваенны, генерал-маёр Аркадзь Тэр-Тадэвасян, перадае "Радыё Свабода".

Сайт panarmenian.net, які называе Тэр-Тадэвасяна «камандас» і «герой Арцахскай вайны», цытуе яго словы: «ні адна дзяржава не можа самастойна забяспечыць сваю бяспеку».

Тэр-Тадэвасян сказаў, што, напрыклад, саюзнікам Арменіі з'яўляецца і Грэцыя, аднак у двухбаковых дамовах не зафіксавана, што яна будзе рабіць у выпадку агрэсіі супраць Арменіі.

Што ж датычыцца вучэнняў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ «Узаемадзеянне-2012», якія на днях праходзілі непадалёк ад мяжы з Турцыяй, то, па словах Тэр-Тадэвасяна, іх важнасць для Арменіі ў тым, што АДКБ «упершыню заклала падмурак пераходу ад тэарэтычных да практычных дзеянняў».

Ён лічыць, што вучэнні паказалі, што АДКБ сапраўды стала жыць і дзейнічаць, і што «роля Арменіі ў рэгіёне ўзмацняецца і будзе ўзмацняцца».

У сувязі з гэтым варта нагадаць, што Арменія мае вельмі напружаныя адносіны з Азербайджанам, з якім да гэтага часу не падпісала мірнай дамовы пасля вайны за Нагорны Карабах.

У мінулым годзе азербайджанскі міністр абароны Сафар Абіеў на сустрэчы з дэлегацыяй Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, прысвечанай мірнаму ўрэгуляванню канфлікту ў Нагорным Карабаху, заявіў, што Азербайджан «сур'ёзна рыхтуецца» да вайны з Арменіяй.

Абіеў тады дадаў, што Арменія павінна завяршыць «бандыцкую палітыку» у Карабаху.

Баку неаднаразова пагражаў ваеннымі дзеяннямі, калі мірныя перамовы не дадуць выніку.

Арменія, у сваю чаргу, абяцае «маштабны адказ» у выпадку выканання Азербайджанам сваёй пагрозы.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках