17 траўня 2024, Пятніца, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следчы камітэт РФ назваў вінаватых у гібелі «Лакаматыва»

13
Следчы камітэт РФ назваў вінаватых у гібелі «Лакаматыва»

Следчы камітэт Расеі прад'явіў абвінавачванне па справе аб крушэнні ў верасні мінулага года самалёта Як-42, падчас якога загінула каманда хакейнага клуба «Лакаматыў».

Як паведаміў ІТАР-ТАСС, абвінавачванне прад'яўленае экс-намесніку генеральнага дырэктара авіякампаніі «Як Сэрвіс» Вадзіму Цімафееву. Прадстаўнік СК РФ Уладзімір Маркін распавёў, што былога топ-мэнэджэра абвінавачваюць па ч. 3 арт. 263 КК РФ (парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту).

Па словах Маркіна, следчыя ўстанавілі прычыны авіякатастрофы, у якой загінулі 44 чалавекі, у тым ліку 37 членаў хакейнай каманды і трэнерскага штаба клуба «Лакаматыў». Акрамя выяўленых парушэнняў у працы экіпажа паветранага судна пры ўзлёце, высветлілася, што экіпаж быў дапушчаны да рэйсу авіякампаніяй «Як Сэрвіс» «з грубейшымі парушэннямі правіл бяспечнай эксплуатацыі паветранага транспарту», падкрэсліў прадстаўнік СК.

Вадзім Цімафееў, які адказваў за арганізацыю лётнай працы, трэніроўкі і кваліфікацыйныя праверкі пілотаў, валодаў правам допуску экіпажаў да палётаў і іх адхілення. Як лічаць у СК, экіпаж Як-42 быў дапушчаны Цімафеевым да палёту 7 верасня незаконна, у парушэнне правіл бяспечнай эксплуатацыі паветранага транспарту, бо на момант катастрофы не меў права на выкананне самастойных палётаў.

Устаноўлена, што камандзіра судна Аляксандра Саломенцава дапусцілі да палёту на падставе сфальсіфікаваных дакументаў, а другі пілот - Ігар Жэвелаў - на момант катастрофы не скончыў перанавучанне на кіраванне самалётамі Як-42.

Следчыя лічаць, што Цімафееў не вёў кантроль за праходжаннем прафесійнай вучобы пілотаў, рэгулярна адклікаў іх з навучальных мерапрыемстваў і незаконна дапускаў іх да палётаў, хоць яму было дакладна вядома аб адсутнасці ў экіпажа поўнага аб'ёму прафесійных навыкаў, паведамляе ІТАР-ТАСС.

«Самым злачынным парушэннем стала тое, што другі пілот пацярпелага крушэнне Як-42 Ігар Жэвелаў перавучваўся лётаць з Як-40 на Як-42 толькі... на паперы!» - заявіў газеце «Комсомольская правда» супрацоўнік СК, які ўдзельнічае ў расследаванні катастрофы.

Па дадзеных выдання, прынцыповая розніца паміж гэтымі двума самалётамі - у выкананні ўзлёту. На Як-40 пры націску штурвала на сябе трэба трымаць ногі на педалях, на Як-42 гэтага рабіць нельга. Па версіі следства, пры ўзлёце і камандзір, і другі пілот трымалі ногі на педалях тормазу. Акрамя таго, як паведамлялася раней, у крыві Жэвелава быў знойдзены фенабарбітал, які ён прымаў з-за хваробы ног. Гэты прэпарат запавольвае рэакцыі і тармозіць нервовую сістэму.

Камандзір Андрэй Саломенцаў, які збіраўся перайсці лётаць на самалётах Boeing і павінен быў хутка падрыхтаваць сабе замену, паспяшаўся, даверыўшы ўзлёт другому пілоту падчас пасажырскага рэйса, а не на навучальным самалёце, піша «КП».

Як аказалася, у дзень трагедыі 7 верасня 2011 года экіпаж павінен быў праходзіць навучанне па размеркаванні рабочых абавязкаў паміж членамі лётнай каманды. На думку следства, калі б Вадзім Цімафееў добрасумленна ставіўся да сваіх абавязкаў, крушэння магло не адбыцца.

У СК адзначылі, што ў межах крымінальнай справы дапытаныя больш за 200 сведак, праведзена звыш 120 экспертыз, аб'ём крымінальнай справы складае каля 90 тамоў. Па словах Маркіна, у бліжэйшы час крымінальная справа ў дачыненні да Цімафеева будзе выдзелена ў асобную вытворчасць.

Трагедыя з Як-42 адбылася адразу пасля вылету з аэрапорта «Туношна». Ранішнім рэйсам у Менск на свой першы матч у рамках чэмпіянату КХЛ ляцеў асноўны склад яраслаўскага «Лакаматыва». На борце самалёта знаходзіліся 45 чалавек - 8 членаў экіпажа і 37 пасажыраў, у тым ліку вядомы беларускі хакеіст Руслан Салей.

Першапачаткова выжылі двое - хакеіст Аляксандр Галімаў і бортправаднік Аляксандр Сізоў, аднак праз пяць дзён спартсмен памёр у шпіталі ад цяжкіх траўм.

Адзіны пакінуты ў жывых Аляксандр Сізоў доўгі час не даваў інтэрв'ю журналістам, толькі напярэдадні гадавіны трагедыі ён адказаў на некалькі пытанняў «КП». Бортправаднік прызнаўся, што фізічна адчувае сябе нармальна, але пакуль не працуе. Ён даў зразумець, што з псіхалагічнымі праблемамі пакуль не справіўся. Па словах Сізова, пасля трагедыі яго жыццё змянілася - узмацнілася вера ў Бога.

У лістападзе мінулага года Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт назваў асноўнай прычынай трагедыі памылку экіпажа: эксперты прыйшлі да высновы, што хтосьці з пілотаў пры ўзлёце па памылцы націснуў на тормаз, а пілот Ігар Жэвелаў знаходзіўся пад дзеяннем забароненага прэпарата, так як у яго былі праблемы са здароўем. У МАК падкрэслівалі, што вылет праходзіў дакладна па раскладзе, у добрых метэаўмовах, а самалёт быў цалкам тэхнічна спраўны.

Эксперты тады таксама назвалі адным з фактараў, якія прывялі да катастрофы, поўную адсутнасць сістэмы бяспекі палётаў і арганізацыі лётнай працы ў кампаніі «Як Сэрвіс». У МАК адзначалі, што перавучванне камандзіра і другога пілота на Як-42 праходзіла на іншым тыпе паветранага судна - Як-40, што магло адыграць фатальную ролю.

У лютым 2012 года сваякі загінулых пілотаў спрабавалі аспрэчыць высновы МАК аб памылцы пілотаў, але Замаскварэцкі суд Масквы адмовіўся прыняць пазоў, матываваўшы гэта тым, што дзеянні камітэта, як міжнароднай арганізацыі, не падсудныя расейскаму суду.

Нагадаем, адразу пасля катастрофы Расавіяцыя анулявала сертыфікаты на права ажыццяўляць грамадзянскія перавозкі ў авіякампаніі «Як Сэрвіс». У пачатку жніўня газета «Известия» напісала, што арганізацыя пасля амаль гадавога перапынку будзе зноў працаваць на рынку пад новай назвай - «Эталон».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках