24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адміністрацыя «Граніта» прадаўжае запалохваць рабочых

10
Адміністрацыя «Граніта» прадаўжае запалохваць рабочых

Два кіроўцы мікашэвіцкага заводу «Граніт» былі аштрафаваныя на 700 тысяч рублёў кожны толькі за тое, што не прыйшлі на пасяджэнне завадской камісіі.

Адміністрацыя не стала браць пад увагу, што ў абодвух кіроўцаў былі начныя змены, і яны маючы права адмовіліся з'явіцца на пасяджэнне ў свой законны выхадны дзень.

Пра гэта Praca-by.info распавёў сакратар-скарбнік суполкі БНП работнікаў «Граніту» Анатоль Ліцвінка. Нягледзячы на жорсткі ціск з боку адміністрацыі на актывістаў незалежнага прафзвязу, яны прадаўжаюць уважліва сачыць за выкананнем правоў работнікаў завода.

Кіроўцаў аштрафавалі за перарасход паліва, хоць віна за гэта парушэнне цалкам ляжыць на адміністрацыі, упэўнены Анатоль Ліцвінка.

- Трэба перавозіць 45 тон, а загружаюць 50-55, - тлумачыць прафзвязны актывіст. - А расход паліва разлічаны на пэўны літраж, калі загрузілі больш, адбываецца перарасход. Гэта стоадсоткавае парушэнне з боку адміністрацыі. Практыкуецца, вядома, заезд на шалі. Але, як самі работнікі кажуць, яны паказваюць недакладную вагу.

На «Граніце» дзейнічае камісія, якая высвятляе прычыны перарасходу паліва. Вось на пасяджэнне такой камісіі, якое было прызначанае а першай гадзіне, і былі запрошаныя кіроўцы.

Са слоў Ліцвінка, работнікі папярэдзілі адміністрацыю, што не змогуць прыйсці ў прызначаны час:

- Адзін кіроўца быў з начной змены, другі, наадварот, выходзіў у начную змену, а пасяджэнне камісіі было прызначанае а першай гадзіне. Адзін з кіроўцаў пражывае не ў Мікашэвічах, а ў суседнім населеным пункце. Ён ніяк не паспяваў прыехаць на пасяджэнне, а потым з'ехаць і паспець яшчэ адпачыць перад начной зменай. Элементарныя правілы тэхнікі бяспекі патрабуюць, каб кіроўцы выходзілі на працу адпачыўшымі. Але камісія пастанавіла, раз яны не прыйшлі, значыць, вінаватыя, і аштрафавала.

Анатоль Ліцвінка, як і ягоныя прафзвязныя сябры, Алег Стахаевіч і Леанід Дубаносаў, упэўненыя, што «рабочых пастанавілі пакараць, каб астатнія баяліся не падпарадкоўвацца».

Адміністрацыя вылічыць па 700 тысяч з месячнага заробку кіроўцаў, але гэтым пакаранне не абмяжуецца. У канцы года рабочыя будуць аўтаматычна пазбаўленыя розных выплат, якія работнікі звычайна атрымліваюць паводле вынікаў года. Таму агульная страта бюджэту работнікаў можа скласці больш за 4 мільёны рублёў.

- Для ўсялякага чалавека, нягледзячы на заробкак, нават 700.000 гэта істотная сума. За гэтыя грошы можна сандалікі купіць дзіцяці ці тры месяцы аплочваць камунальныя паслугі. У гэтым выпадку работнікі пацярпелі зусім несправядліва, - падсумавалі прафзвязныя актывісты.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках