16 снежня 2018, Нядзеля, 7:57
Дзякую вам
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Падвойныя стандарты недапушчальныя

15

У Лондане абмяркоўвалі «супрацьлеглыя высновы з выбараў у Грузіі і Беларусі».

У вядучым аналітычным цэнтры Вялікабрытаніі «Chatham House» адбыўся круглы стол з удзелам міністра абароны Грузіі Іраклія Аласаніі і лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Тэма круглага стала была «Супрацьлеглыя высновы з выбараў у Грузіі і Беларусі». Як вядома, у Грузіі на парламенцкіх выбарах перамагла апазіцыя, якая сёння фактычна знаходзіцца ва ўладзе.

Круглы стол сабраў спецыялістаў не толькі ў пытаннях Грузіі і Беларусі, а наогул у пытаннях былога Савецкага Саюза, праваабаронцаў, журналістаў.

Як звычайна ў «Chatham House», дыскусія была насычанай. Грузія з'яўляецца яшчэ адным прыкладам на постсавецкай прасторы, калі ўлада перайшла да апазіцыі ў выніку выбараў. Як адзначыў Іраклій Аласанія, гэта здарылася ўпершыню ў гісторыі краіны. Нягледзячы на нежаданне Саакашвілі аддаваць уладу і процідзеянне ўсімі метадамі апазіцыйным палітыкам, кааліцыя «Грузінская мара» здолела забяспечыць сабе падтрымку большасці насельніцтва Грузіі, і Саакашвілі давялося прызнаць відавочны факт.

Гэтая сітуацыя ў корані адрозніваецца ад нашай краіны, дзе выбараў не існуе з 1994 года.

«Я казаў пра тое, што ў Беларусі ў свой час з натхненнем успрынялі прыход да ўлады ў Грузіі прэзідэнта Саакашвілі, але неўзабаве ён страціў давер, бо стаў падтрымліваць дыктатара Лукашэнку. Тое ж самае адбывалася і з прэзідэнтам Украіны Юшчанкам. Я папярэдзіў новы ўрад Грузіі аб такіх памылках, тым больш што сёння і Саакашвілі імкнецца захоўваць кантакты з Лукашэнкам і падтрымліваць яго, і новыя міністры замежных спраў і транспарту запрашаюць міністраў дыктатарскага рэжыму ўзяць удзел у акцыях «Усходняга партнёрства» у Тбілісі, тым самым выдаючы сякія-такія авансы беларускаму рэжыму, - распавёў Андрэй Саннікаў сайту charter97.org. - Безумоўна, вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікала палітыка новага ўрада Грузіі. Іраклій Аласанія падкрэсліў, што Грузія застаецца прыхільнай еўраатлантычнай інтэграцыі і будзе надалей праводзіць актыўную працу ў гэтым кірунку.

Шмат пытанняў датычылася сітуацыі ў Беларусі, магчымасці падтрымкі дэмакратыі, прагнозаў развіцця гэтай сітуацыі. Былі пытанні і аб лабістах Лукашэнкі на Захадзе. Тут я казаў аб некалькіх групах лабістаў: гэта палітыкі, рэкламныя агенцтвы, бізнэсоўцы, якім выгадна існаванне такой дыктатуры як рэжым Лукашэнкі. Распавёў таксама аб нядаўнім візіце і сустрэчы з дыктатарам амерыканскіх палітолагаў».

Андрэй Саннікаў выказаў асцярогу, што «зноў робяцца спробы вяртання палітыкі ўціхамірвання дыктатара, супрацоўніцтва з ім».

«Гэта проста недапушчальна ў цяперашняй сітуацыі, калі Беларусь перажывае самыя цяжкія часы і самыя жорсткія рэпрэсіі не толькі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а ў цэлым супраць усяго народа. Толькі адсутнасць падвойных стандартаў, у тым ліку і з боку Грузіі, увага і падтрымка міжнароднай супольнасці, сур'ёзная падтрымка дэмакратаў у Беларусі дапаможа нам выбрацца з таго глухога кута, у які завёў краіну Лукашэнка», - упэўнены лідар «Еўрапейскай Беларусі».