14 лiстапада 2024, Чацвер, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валютная выручка Беларусі скарацілася на $6 мільярдаў

6
Валютная выручка Беларусі скарацілася на $6 мільярдаў

У студзені-жніўні 2013 года валютная выручка Беларусі скарацілася на 16,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Паводле інфармацыі БелаПАН, за першыя восем месяцаў валютная выручка Беларусі склала 29,69 млрд. даляраў і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 5 млрд. 987,9 млн. даляраў. У тым ліку паступленні ад экспарту тавараў склалі 24,46 млрд. даляраў і скараціліся на 21,5% у параўнанні са студзенем-жніўнем 2012 года.

Валютныя паступленні ад экспарту паслуг склаліся ў студзені-жніўні на ўзроўні 4,29 млрд. даляраў і павялічыліся на 15,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Выручка ад унутранага гандлю за валюту склала 485,1 млн. даляраў і павялічылася на 9,9%.

Варта адзначыць, што асобна ў жніўні валютная выручка Беларусі склала 3,66 млрд. даляраў і знізілася на 17% у параўнанні са жніўнем мінулага года. Пры гэтым у параўнанні з ліпенем выручка скарацілася на 338,2 млн. даляраў, што абумоўлена зніжэннем валютнай выручкі (ад экспарту тавараў) сталічных арганізацый.

Як паведамлялася раней, у бягучым годзе назіраецца значнае зніжэнне беларускага таварнага экспарту. Так, у студзені-жніўні, паводле папярэдніх дадзеных Белстата, ён склаў 25,65 млрд. даляраў і скараціўся на 22,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Міністэрства эканомікі тлумачыць зніжэнне экспарту памяншэннем попыту на беларускую прадукцыю. «Складанасці з рэалізацыяй айчыннай прадукцыі ва ўмовах сціску асноўных экспартных рынкаў, а таксама выцясненне беларускіх вытворцаў інвестыцыйных тавараў з традыцыйных рынкаў збыту прывялі да нізкіх паказчыкаў экспарту ў бягучым годзе», - канстатуюць спецыялісты Мінэканомікі ў сваім кастрычніцкім аглядзе.

Скарачэнне беларускага экспарту ў студзені-жніўні 2013 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года абумоўлена таксама практычна поўным спыненнем паставак на знешнія рынкі растваральнікаў і змазачных матэрыялаў. Як паведамлялася раней, Беларусь ў жніўні 2012 года практычна цалкам спыніла экспарт растваральнікаў і змазачных матэрыялаў. На гэты крок кіраўніцтва краіны пайшло па патрабаванні Расеі, якая стала падазраваць, што Беларусь пад выглядам растваральнікаў і змазачных матэрыялаў пастаўляе на знешнія рынкі нафтапрадукты, што дазваляла рэспубліцы не пералічваць пошліны ў расейскі бюджэт.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках