28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чорная дзірка Масквы

62
Чорная дзірка Масквы

Трагедыя ў Бірулёве выявіла новыя праблемы расейскай сталіцы.

У чарговым матэрыяле карэспандэнт нямецкага выдання Der Spiegel Беньямін Біддэр наважыў распавесці аб сітуацыі наконт самай буйной гародніннай базы Масквы «Пакроўская», закрытай уладамі пасля нядзельных беспарадкаў у раёне Бірулёва Заходняга. Раз'юшаныя мясцовыя жыхары разам з агрэсіўна настроенымі нацыяналістамі выйшлі на народны сход у сувязі з забойствам Ягора Шчарбакова. Для многіх, піша журналіст, здавалася цалкам зразумелым, што забойцу - паводле сведчанняў відавочцаў, не рускага - трэба шукаць побач з базай.

Агулам на гароднінную базу «Пакроўская», гадавы абарот якой складае 9 млрд даляраў, прыходзіцца ад 40 да 50% ад сталічнага рынку гародніны і садавіны. Гандаль садавінай, у сваю чаргу, з'яўляецца вельмі прыбытковым бізнэсам, які ўжо два дзесяцігоддзі кантралююць у Маскве выхадцы з Паўночнага Каўказа і з Цэнтральнай Азіі.

У сярэднім, распавядае Біддэр, «гародніна і садавіна ў сталіцы каштуюць нашмат даражэй, чым у Нямеччыне». Уся справа ў тым, што злачынцы - перакупшчыкі ствараюць нацэнкі і гандлярам даводзіцца плаціць мафіі за тону прадукцыі 100 тыс рублёў. Зразумела, працягвае журналіст, «высокі прыбытак цягне за сабой і высокую рызыку». Так, з 2007 года ў барацьбе за кантроль над «Пакроўскай» было здзейснена блізу 20 забойстваў лідараў мафіёзных структур.

Гэтым часам суадносіны сіл на найбуйнейшай гародніннай базе сталіцы незразумелыя, піша аўтар. «Афіцыйна «Пакроўская» належыць двум братам - бізнэсменам з Дагестана: Аліасхабу Гаджыеву і Ігару Ісаеву. Апошні памяняў імя, калі яно з'явілася ў паліцэйскай базе дадзеных, як паведамляе расейскі Forbes. Але куды больш на слыху ў грамадскасці ганаровы прэзідэнт кампаніі-аператара рынку, герой Расеі, лётчык-выпрабавальнік і давераная асоба Уладзіміра Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах 2012 года Магамед Талбоеў», - гаворыцца ў артыкуле.

Талбоеў, які валодае добрымі сувязямі ў Маскве, працягвае Біддэр, выконвае рэпрэзентатыўныя функцыі, сапраўднымі ж гаспадарамі «Пакроўскай», празванай маскоўскімі СМІ «Чорнай дзіркай» за частыя выкраданні работнікаў, з'яўляюцца «хросныя бацькі мафіі».

Злачынныя сіндыкаты, як падкрэслівае Der Spiegel, «вядуць крывавую барацьбу за кантроль над «Пакроўскай» некалькі гадоў». У 2007 годзе ў Маскве быў здзейснены замах на Рагуфа Рустамава, пад чыім кантролем тады знаходзілася «Пакроўская». Рустамаў выжыў і з'ехаў у Баку, дзе ўсё ж быў забіты. У 2011 годзе нехта Ільгар Джабраілаў, чалавек уплывовага маскоўскага мафіёзі Аслана Усаяна паводле мянушкі Дзед Хасан, паспрабаваў выціснуць ужо новых гаспадароў гародніннай базы. Захопу, як вядома, не атрымалася, а Джабраілаў разам з Дзедам Хасанам былі забітыя ў 2012 і 2013 адпаведна.

Доўгі час, гаворыцца ў артыкуле, маскоўскія ўлады не цікавіліся тым, што адбываецца на рынку, скаргі мясцовых жыхароў ігнараваліся, бо, як значылася ў афіцыйных дакументах, гароднінная база ўяўляла сабой «стратэгічна важны аб'ект забеспячэння горада прадуктамі харчавання». Але ў мінулую нядзелю ўсё памянялася: маскоўскія службы спаборнічаюць адна з адной у прад'яўленні прэтэнзій «Пакроўскай» - ад «грубых парушэнняў працоўнага і міграцыйнага заканадаўства» да «невыканання санітарна-эпідэміялагічных нормаў». У сераду закрыццё базы было падоўжанае да 90 дзён. Разглядаецца пытанне аб пераносе аб'екта за межы горада, паведамляе Біддэр.

На пытанне аб тым, чаго ж варта чакаць, калі «Пакроўская» наогул ніколі не адкрыецца, просты гандляр з рынку адказаў: «Тады пачнецца вайна».

Пераклад - Inopressa.ru

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках