23 снежня 2024, панядзелак, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Пінчук: Ніякіх саступак рэжыму

7
Наталля Пінчук: Ніякіх саступак рэжыму

Жонка Алеся Бяляцкага заклікала Захад быць паслядоўным у дачыненні да Беларусі.

Наталля Пінчук выступіла на Трэцім праваабарончым форуме, які праходзіць у Вільні. Жонка палітвязня Алеся Бяляцкага заклікала не здымаць пытанне рэабілітацыі, не зніжаць ціску на ўлады Беларусі і не ісці на саступкі да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, перадае «Радыё Свабода».

«У некаторых артыкулах і выступленнях праваабаронцаў Беларусі пачалі гучаць нібыта міралюбныя прапановы зняць патрабаванне поўнай рэабілітацыі палітвязняў. Маўляў, рэжым на гэта ўсё роўна не пойдзе. Мне ўсё ж здаецца, што, па-першае, трэба быць паслядоўнымі і, сказаўшы аб рэабілітацыі ў пачатку, не адыходзіць ад гэтай пазіцыі. Па-другое, сапраўды, без рэабілітацыі людзі абмежаваныя ў правах, яны маюць толькі «паўсвабоду», - заявіла Наталля Пінчук у сваім выступленні.

Жонка Алеся Бяляцкага пацвердзіла свой заклік да ЗША і Еўрапейскага Звяза аб тым, каб іх пазіцыя ў дачыненні да беларускага рэжыму была цвёрдай, паслядоўнай і ўзгодненай.

«Афіцыйны Менск разумее толькі сілу, цвёрдасць, паслядоўнасць. Ваганні і кампрамісы для яго - сведчанні слабасці апанента. Цвёрдасці, выкарыстання ўсіх інструментаў мы, сваякі палітвязняў, чакаем ад аб'яднанай Еўропы і ЗША. Таксама вельмі важна, каб амерыканскі і еўрапейскі падыходы былі скаардынаванымі», - заявіла яна.

Наталля Пінчук упэўненая ў тым, што такую ж пазіцыю падзяляе і яе муж, які зараз адбывае пакаранне ў Бабруйскай калоніі.

Зараз у Беларусі больш за дзесяць палітычных вязняў. У турмах працягваюць заставацца былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і іншыя актывісты апазіцыі.

Міжнародная супольнасць і праваабарончыя арганізацыі патрабуюць вызвалення беларускіх вязняў сумлення. Еўрапейскі Звяз і ЗША ўвялі візавыя і эканамічныя санкцыі супраць памагатых дыктатара - чыноўнікаў і бізнесменаў, замяшаных у правядзенні рэпрэсій і фінансавай падтрымцы рэжыму, для таго, каб дамагчыся іх выхаду на волю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках