8 траўня 2024, Серада, 13:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярмошына паназірае за «выбарамі» Аліева

40
Ярмошына паназірае за «выбарамі» Аліева

Беларускія «палатачнікі» і прадстаўнікі ЦВК Беларусі паляцелі ў Азербайджан.

Яны прымаюць удзел у міжнародным назіранні за «выбарамі» прэзідэнта закаўказскай дзяржавы, перадае БелТА.

Ад беларускага Цэнтрвыбаркама ў Азербайджан у якасці кароткатэрміновых назіральнікаў адправіліся яе кіраўнік Лідзія Ярмошына і Марына Рахманава. Плануецца правесці сустрэчы з кіраўніцтвам ЦВК Азербайджана, абмяняцца думкамі аб ходзе выбараў з назіральнікамі ад іншых краін. Акрамя таго, Лідзія Ярмошына выступіць адным з аўтараў выніковага дакумента па выніках назірання за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў.

Назіраць за ходам выбарчай кампаніі будуць і беларускія «палатачнікі», у тым ліку член пастаяннай камісіі «савета рэспублікі» па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Святлана Сарока, старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Мікалай Самасейка і член пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Галіна Лазоўская.

Мяркуецца, што «дэпутаты» правядуць сустрэчы ў ЦВК Азербайджана, наведаюць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, штабы кандыдатаў, выбарчыя ўчасткі, прымуць удзел у прэс-канферэнцыі місіі назіральнікаў СНД.

Прэзідэнцкія выбары ў Азербайджане прызначаныя на 9 кастрычніка. Апазіцыя неаднаразова заяўляла пра фальсіфікацыі падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Апаненты Ільхама Аліева кажуць і пра новыя рэпрэсіі супраць нязгодных падчас падрыхтоўкі да «выбараў» у гэтым годзе.

Галоўным супернікам дзейснага прэзідэнта з'яўляецца Джаміль Гасанлы. Ён вылучыў абвінавачанні ў адрас цяперашняга кіраўніка Азербайджана не толькі ў карупцыі і разбазарванні бюджэтных сродкаў, але і ў фінансаванні беларускага дыктатара Лукашэнкі.

Першапачаткова адзіным кандыдатам ад апазіцыі быў рэжысёр Рустам Ібрагімбекаў, аднак ён не быў зарэгістраваны. Кандыдатуру Джаміля Гасанлы падтрымлівае Нацыянальны савет дэмакратычных сіл, які аб'ядноўвае большасць азербайджанскіх апазіцыйны партый і груповак.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках