5 траўня 2024, Нядзеля, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вясковая настаўніца выратавала дзяцей, спыніўшы школьны аўтобус

41

У Крупскім раёне кіроўца школьнага аўтобуса памёр прама падчас руху.

- Я толькі памятаю, як стала на калені, схапілася абедзвюма рукамі за руль і закрычала: «Дапамажыце! Дапамажыце!» А ў адказ пачула словы дзядулі, які ехаў разам з дзецьмі ў аўтобусе: «Рулі!!»... Гэта так страшна… - абрывае ўспаміны і ледзь стрымлівае слёзы настаўнік-дэфектолаг Халапеніцкай сярэдняй школы ім. М.Багдановіча (Крупскі раён) Ірына Мікалаеўна Старавойтава. - Напэўна, гэтыя словы дзядулі надалі мне сілы і ўпэўненасці…

26 верасня Ірына Мікалаеўна павінна была праехаць з кіроўцам Анатолем Асташко ні адзін дзесятак кіламетраў, каб з бліжэйшых вёсачак сабраць вучняў і адвезці ў школу ў пасёлку Халапенічы. Шлях толькі пачаўся. У вёсцы Боркі забралі адразу чацвярых дзяўчынак - усё сёстры. А яшчэ падсеў у аўтобус дзядуля Валодзя, папрасіў давезці ў шпіталь на працэдуры, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Я сядзела тварам да дзяцей і бокам да кіроўцы. У ПАЗіку кабіна кіроўцы размешчаная так, што твару Анатоля Уладзіміравіча з-за шкла і шторак не відаць было, але гэта не перашкаджала яму распавядаць мне ў дарозе розныя гісторыі. Кажа: «Я столькі баравікоў бачыў, але ніводнага дадому не прынёс: які ні зрэж - ножка ўся чарвівая». Далей едзем - памаўчыць і працягвае расказваць. Толькі выехалі за вёску Боркі, праехалі першы масток, заехалі на горку - і тут словы Анатоля нечакана абарваліся, аўтобус павяло ў бок. Пытаюся: «Уладзіміравіч, у чым справа?» Зразумела, што нешта не тое, ускочыла, глянула на кіроўцу, а ў яго вочы заплюшчаныя, галава задраная... А аўтобус пачаў каціцца з гары…

Далей усё было, як у сне: Ірына Мікалаеўна за нейкую долю секунды ўхапілася абедзвюма рукамі за руль i пачала клiкаць на дапамогу. Аўтобус працягваў ехаць з гары (рычаг каробкі перадач быў пастаўлены на нейтралку), а наперадзе ўжо паказўся яшчэ адзін мост праз рэчку. Праехалі павольна масток - і аўтобус сам спыніўся. Ірына Мікалаеўна вывела перапалоханых дзяўчынак праз заднія дзверы аўтобуса і адвяла далей ад месца здарэння, каб дзеці не бачылі ўсяго гэтага жаху. Потым вярнулася ў салон, здагадалася адкрыць дзверы кіроўцы, павярнуць ключ і заглушыць матор.

- Адразу ж патэлефанавала ў «хуткую» і дырэктару. Памятаю, сказала: «Іванаўна (Ірына Іванаўна Сабалеўская - дырэктар школы ў Халапенічах), дзяцей выратавала, а Уладзіміравіча нашага выратаваць не змагла...». Гэта страшна ўявіць, што магло здарыцца, калі б мы з моста гэтага ўпалі ў раку.

- Ірына Мікалаеўна, а як вам удалося аўтобус спыніць? Машыну, можа, водзіце?

- Я ніколі раней машыну не вадзіла, не ведаю, што там да чаго. Але ў дзяцінстве тата даваў праехацца на камбайне, а я потым тры гады была памочнікам камбайнера. Памятаю, прыедуць да таты карэспандэнты (ён быў перадавіком, ардэнаносцам Крупшчыны), а ён пасадзіць мяне за руль і кажа: «Дачушка, пакажы, як ты ўмееш!» Мне было тады гадоў 14 - 15. Так шмат хто пасля гэтай аварыі казалі: «Іра, а не зніклі твае навыкі дарма».

Кіроўца памёр ад сардэчнай недастатковасці. Хоць, па словах знаёмых, Анатоль Уладзіміравіч не скардзіўся на сэрца.

- Так шкада Уладзіміравіча: усяго 52 гады, малады яшчэ, добрай душы чалавек. Я валейболам захапляюся, так ён прывязе нашу каманду на спаборніцтвы і сам ідзе за нас заўзець, ніколі ў аўтобусе не сядзеў. Ды і ў дарозе мы шмат пра што гаварылі: пра дзецей, пра працу, мяне хваліў і здзіўляўся, як я ўсё ў жыцці паспяваю.

Настаўнік-дэфектолаг свой учынак подзвігам не лічыць і падчас размовы пастаянна хвалюецца, што гэтая шумная гісторыя на самой справе вельмі сумная і ў памяці застанецца назаўсёды.

- Я яшчэ нядаўна марыла ў кастрычніку запісацца на курсы кіравання. Але цяпер мне патрэбны час, каб прыйсці ў сябе... У панядзелак пасля трагедыі мне зноў трэба было праехаць гэты шлях. Было так цяжка, што прыйшлося нават перасесці на іншае месца, каб перамагчы гэты страх.

Пакуль журналісты размаўлялі з Ірынай Мікалаеўнай, у школе празвінеў званок - і дзеці высыпалі на вуліцу ў чаканні школьнага аўтобуса. У натоўпе былі і дзяўчынкі-сёстры, якія ехалі ў той нешчаслівы дзень. Іх, дарэчы, пасля здарэння, каб адцягнуць, адвезлі ў школу.

- У нас цяпер зноў няма кіроўцы і няма каму дзетак развозіць па дамах, - сказала Ірына Мікалаеўна. - Да таго як прыйшоў да нас працаваць Анатоль Уладзіміравіч, год не маглі знайсці кіроўцу. Зараз дзетак па вёсках развозяць два заказных аўтобуса - і ў Слабаду, і ў Халапенічы.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках