19 траўня 2024, Нядзеля, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Батура: «Я нікуды не пайшоў на працу»

120
Барыс Батура: «Я нікуды не пайшоў на працу»

У панядзелак былы кіраўнік Менскай вобласці гуляў па сталіцы, а ў аўторак збіраецца заняцца здароўем.

Разнос, звальненне і «высылка» на ААТ «Барысаўдрэў» Барыса Батуры стала вынікам пятнічнага візіту Лукашэнкі на шматпакутнае дзіця беларускай мадэрнізацыі. Дапамагаць у нялёгкай справе выканання даручэнняў кіраўніка на «Барысаўдрэў» з гарачкі адправілі і ўжо былога старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераяслаўцава, нагадвае «Салiдарнасць».

Ні адзін, ні другі, насуперак грозным указанням Лукашэнкі, на новым працоўным месцы ў панядзелак не з'явіліся.

«З панядзелка Аляксандр Пераяслаўцаў у нас не працуе, - паведамілі ў прыёмнай канцэрна «Беллеспаперапрам». - Нам паведамілі, што на выходных, указам зверху ён быў прызначаны дырэктарам барысаўскага будтрэста №21».

Таксама ў прыёмнай паведамілі, што выконваючым абавязкі старшыні канцэрна прызначаны Зміцер Лізура, у мінулым першы намеснік старшыні канцэрна.

На ААТ «Барысаўдрэў» новае начальства ў вочы не бачылі.

«Яшчэ пакуль няма, але чакаем», - паведамілі ў прыёмнай ААТ «Барысаўдрэў», але тут жа асекліся і параілі ўдакладніць дэталі ў намесніка па ідэалогіі.

Тэлефон ідэолага маўчаў. Нічога не чулі пра прызначэнне Барыса Батуры новым дырэктарам і ў бухгалтэрыі.

«Да нас перамены пакуль не дакаціліся, - адзначылі суразмоўцы. - І нядзіўна, пра нас успамінаюць бліжэй да зарплаты».

У аддзеле кадраў апынуліся больш катэгарычнымі. «Якое новае кіраўніцтва, вы што, тэлевізар не глядзіце?» - адрэзала субяседніца. Пачуўшы, што тэлевізар журналісты глядзяць і па ім у пятніцу Лукашэнка голасна заявіў пра тое, што новым дырэктарам «Барысаўдрэва» будзе Барыс Батура, работнік аддзела кадраў паведаміла, што глядзім мы не тыя перадачы.

«У нядзелю трэба было глядзець, а не ў пятніцу», - заявілі на тым канцы провада, пасля чаго без тлумачэнняў у аддзеле кадраў кінулі слухаўку. Паўторны званок ўсё ж дазволіў высветліць, што насуперак словам кіраўніка дзяржавы прадпрыемствам кіруе ранейшы дырэктар Уладзімір Мальцаў.

Па выніках візіту на «Барысаўдрэў» Лукашэнка выдаў указ. Праўда, у ім не было ні радка аб прызначэнні Барыса Батуры на новае працоўнае месца, толькі аб вызваленні ад пасады старшыні Менаблвыканкама, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Куды вы сёння пайшлі на працу? - пацікавіліся мы ў панядзелак у Барыса Васільевіча.

- Я нікуды не пайшоў на працу.

- Дзе знаходзіцеся зараз?

- Па горадзе гуляю.

- Па Менску?

- Так.

- У пятніцу мы чулі пра тое, што вы павінны ісці на завод. Але ва ўказе прэзідэнта пра гэта не прачыталі. Гэта яшчэ не вызначана?

- Што не вызначана ? Мяне звольнілі і ўсё. За невыкананне даручэнняў. Усё зразумела.

- Атрымліваецца, на пенсіі будзеце?

- Так. Буду на пенсіі. З заўтрашняга дня буду кропельніцы прымаць.

- Да ўрачоў ходзіце?

- Так. Не буду я шукаць працу. Усё нармальна, так можаце і напісаць. Усе заслужана. Не трэба з гэтага ствараць праблему. Трэба было так, як мае быць, рабіць - і ўсё.

Фота: ctv.by

Напісаць каментар 120

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках