Баўмгертнера хаваюць ад расейскіх дыпламатаў
6- 12.11.2013, 15:39
- 17,036
Амбасада Расеі паўторна звярнулася з запытам у МЗС Беларусі аб правядзенні сустрэчы з гендырэктарам «Уралкалію».
«Сёння мы паўторна накіравалі запыт аб тым, каб дазволілі сустрэчу з Баўмгертнерам», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у аўторак загадчык консульскага аддзела амбасады РФ Ігар Карагін.
Ён удакладніў, што сам Баўмгертнер аб сустрэчах з супрацоўнікамі амбасады не просіць.
Карагін нагадаў, што запыт аб сустрэчы прадстаўнікоў амбасады РФ з Баўмгертнерам, на які не атрыманы адказ, быў накіраваны 1 лістапада.
«Ёсць парадак, вызначаны Консульскай канвенцыяй паміж РФ і Рэспублікай Беларусь. У адпаведнасці з пунктам 3 арт. 39 дадзенай канвенцыі, консульскім работнікам па першым запыце аб сустрэчы з затрыманым павінны даць адказ на працягу 3-х сутак, на наступныя - праз пэўны час. Але сустрэчы могуць праходзіць не радзей, чым 1 раз у 2 месяцы», - падкрэсліў Карагін.
Раней паведамлялася, што кіраўніку «Уралкалію», які з'яўляецца таксама старшынёй назіральнага савета «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК), прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 424 (Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Следчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеянні У.Баумгертнера і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў БКК нанеслі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры $100 млн.
Баўмгертнер быў затрыманы 26 жніўня ў Менску. Праз месяц мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту была замененая на хатні арышт, удакладненае абвінавачванне. У канцы кастрычніка на 2 месяцы падоўжаныя тэрміны расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара «Уралкалію», ён пакінуты пад хатнім арыштам.
Пасля таго, як Баўмгертнер быў пераведзены пад хатні арышт, прадстаўнікі амбасады Расеі адзін раз сустракаліся з ім. На той сустрэчы ён не выказваў пажаданняў і скаргаў.
Фота: РІА «Новости»