2 траўня 2024, Чацвер, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка рыхтуе адстаўку Мясніковіча

128
Лукашэнка рыхтуе адстаўку Мясніковіча

Беларускі дыктатар крайне незадаволены працай урада

Яго пагрозу «адкруціць галовы» ўраду паказалі ў сваіх рэпартажах усе асноўныя тэлеканалы краіны, паведамляе «Радыё Свабода».

Яны падрыхтавалі матэрыялы пра наведванне ім транспартна-лагістычнага цэнтра «Менск-Белмытнясэрвіс-2». У эфір трапіла і тое, чаго не было ў паведамленнях агенцтваў - крытыка ўрада за няўменне праводзіць нарады.

Лукашэнка на ўсю краіну паабяцаў «адкруціць галовы» ўраду за невыкананне праграмы будаўніцтва лагістычных цэнтраў. Да гэтага дадалася і крытыка чыноўніка за зрыў праграм мадэрнізацыі шэрагу галін эканомікі.

«Такім чынам Лукашэнка рыхтуе грамадства да таго, каб зваліць усе складанасці гэтага года на ўрад Міхаіла Мясніковіча», - кажа шэф-рэдактарка газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна. - Я думаю, гэта можа сведчыць аб тым, што рыхтуецца адстаўка ўрада Міхаіла Мясніковіча. Можа, не ўсяго, а толькі ключавых персон. Але на гэта вельмі і вельмі падобна. Хоць бы таму, што пагрозы ў адрас урада былі заўсёды. Але вось такога хамства раней усё ж не было. Я думаю, што, можа быць, хутка Міхаіл Уладзіміравіч развітаецца са сваёй пасадай».

Лукашэнка раскрытыкаваў урад і за зрыў праграм мадэрнізацыі і нават за тое, як праводзяцца нарады ў Доме Урада. Ён папракнуў, не называючы канкрэтнага імя, віцэ-прэм'ера, за тое, што той адвёў на такую сустрэчу ўсяго 30 хвілін. «А што можна зрабіць за паўгадзіны?» - абураўся дыктатар: «Толькі паглядзелі адзін на аднаго і разышліся».

Верагодна, што Лукашэнка меў на ўвазе Пятра Пракаповіча, паколькі ён казаў пра віцэ-прэм'ера, які замяніў Андрэя Кабякова. Вядома, што функцыі Кабякова спачатку адышлі да Сяргея Румаса, а пасля яго сыходу з урада на кіраўніцтва банкам развіцця - да Пятра Пракаповіча.

«Справа тут нават не ў канкрэтнай асобе, а ў агульным стылі кіраўніцтва. Зыходзячы з майго вялізнага асабістага вопыту, магу смела сказаць: якасць нарады залежыць не ад часу сядзення за сталом, а ад якасці яе падрыхтоўкі», - заяўляе старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання Мечыслаў Грыб. - Калі нарада на кожным узроўні падрыхтаваная належным чынам, то яе можна правесці і за дзесяць хвілін. І вырашыць усе пытанні. А калі яе не рыхтаваць, а ператвараць у нейкае судзілішча, у бойку, у разборку, то гэта не нарада. Гэта нешта іншае. Збіраюць кіраўнікоў, але ніхто не пытаецца ў іх парады. Іх толькі абвінавачваюць - чаму не зрабіў тое, не зрабіў гэта?

А яны павінны апраўдвацца. Усе вінаватыя, а я адзін маю рацыю. Такога не бывае. Гэта - не нарада. Гэта нешта такое, чаму яшчэ і назвы, можа, няма».

У тэлерэпартажы паказалі, як Лукашэнка запатрабаваў як мага хутчэй будаваць лагістычныя цэнтры. Ён казаў: «Грошы ідуць у Расею. І там застаюцца. Мы ж нічога практычна не атрымліваем. 1% - і ўсё!»

Эканаміст Антон Болтачка мяркуе, што 1% - гэта яўна заніжаная лічба, паколькі досыць шмат грузаў праходзіць мытныя працэдуры на беларускай тэрыторыі. Але Расея сапраўды будуе свае лагістычныя цэнтры на мяжы з Беларуссю:

«Расея можа перахопліваць некаторую дзель прыбытку ад транзіту. За кошт таго, што можна спагнаць мыту на тэрыторыі, якая ў нас адзіная ў рамках мытнай тэрыторыі трох краін. Гэта азначае, што за груз можна спагнаць мыту і на тэрыторыі лагістычных цэнтраў у Расеі.

У нас такіх цэнтраў недастаткова. І таму праз Беларусь транспарт будзе праходзіць транзітам у Расею, дзе законна будзе спаганяцца мыта ў рамках мытнай тэрыторыі Мытнага саюза», - кажа эканаміст.

Напісаць каментар 128

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках