13 траўня 2024, панядзелак, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 наймагутных удараў па эканоміцы Беларусі

41
10 наймагутных удараў па эканоміцы Беларусі

Галоўныя праблемы, якія вызначалі развіццё эканомікі краіны ў адыходзячым годзе.

Большасць з іх, як сцвярджаюць эксперты, захаваецца і ў новым годзе, піша «Завтра твоей страны».

Інфляцыя

У большасці еўрапейскіх краін кошты зніжаюцца, а Беларусь у Старым свеце ўпэўнена трымае абсалютная лідарства па тэмпе росту спажывецкіх коштаў. Што, натуральна, не можа радаваць насельніцтва краіны.

Па выніках дзевяці месяцаў інфляцыя ў Беларусі была 10%, па выніках дзесяці - ужо 12%. У Еўразвязе гэты паказчык быў 1,9%.

Калійны развод

Выхад «Уралкалію» са складу Беларускай калійнай кампаніі сур'ёзна ўдарыў па аб'ёмах і, галоўнае, па сусветных коштах на гэты прадукт. У Беларусі пацярпелі «Беларуськалій», Беларуская чыгунка, а па сутнасці ўсе, паколькі калій з'яўляецца адным з галоўных экспартных тавараў беларускай эканомікі.

Беларускія ўлады запэўніваюць, што сітуацыя пачынае паляпшацца. Расейскія - лічаць, што рэальны экспарт ніжэй, чым гэта дэкларуецца афіцыйным Менскам. Пакуль салігорскія руднікі часткова прастойваюць: частка супрацоўнікаў адпраўленая ў адпачынкі, частка – пераведзеная на больш нізкія стаўкі.

Нафтавая нястача

Да канца 2013 года яшчэ ёсць час, але, мяркуючы па ўсім, Беларусь наўрад ці атрымае тыя аб'ёмы расейскай нафты, зыходзячы з якіх, быў звярстаны бюджэт 2013 года. Менск можа разлічваць толькі на 20,7 млн. тон замест 23 млн. тон.

Гэта не менш важная праблема, чым калій, паколькі атрыманыя з расейскай нафты нафтапрадукты - гэта экспартны тавар №1 Беларусі. Ён рэалізуецца ў Еўразвязе, Украіне, Манголіі.

Па балансе на 2014 год, які зараз абмяркоўваецца, тыя ж праблемы: Беларусь хоча больш нафты на перапрацоўку, Расея гатовая паставіць менш.

Рэкордныя даўгі

Пяць гадоў таму беларускія ўлады ганарыліся тым, што краіна не жыве ў доўг. Зараз пошук крыніц для пагашэння знешняга дзяржаўнага доўгу - адна з ключавых праблем беларускай эканомікі.

Каля 3 млрд. даляраў, якія выплачваюцца на працягу 2013 года, сталі рэкордам. Але ён будзе пабіты ўжо ў наступным годзе, калі трэба пагасіць 3,2 млрд. даляраў доўгу.

Крэдытны секвестр

Згортванне крэдытных праграм, у тым ліку на падставе рэкамендацый зверху, і прыватнымі банкамі - гэта, можа быць, і добра ў цэлым для цяперашняй беларускай эканомікі. Але з іншага боку - гэта ўдар па марах радавога беларуса купіць кватэру, а беларускага прадпрымальніка - атрымаць грошы на развіццё бізнесу.

Дырэктыўная мадэрнізацыя

Урад, пры гэтым, гатовы не шкадаваць грошай на абвешчаную ў бягучым годзе маштабную праграму мадэрнізацыі беларускай прамысловасці.

Да чаго можа прывесці дырэктыўны падыход да гэтага працэсу, паказвае правал пяцігадовай праграмы тэхпераўзбраення дрэваапрацоўчай галіны. З 9 заводаў праект быў рэалізаваны толькі на адным. Для завяршэння мадэрнізацыі астатніх спатрэбіліся дадатковыя рэсурсы і час, а таксама некалькі дзесяткаў адставак і крымінальных спраў.

Прыватызацыя

Вядома, больш эфектыўна было б прыцягнуць у мадэрнізацыю рэсурсы прыватнага бізнесу. Але пра гэта, падобна, зараз прыйдзецца забыць. Фактычная нацыяналізацыя некалькіх буйных вытворчасцяў («Керамін», «Красны пішчавік», «Абутак-Луч») і падрыхтаваны законапраект аб прыватызацыі, згодна з якім дзяржава атрымлівае кантроль нават у акцыянерных таварыствах, дзе ў яе няма долі, робяць праблемным прыцягненне рэсурсаў прыватных інвестараў.

Рэцэсійны бумеранг

Імклівае скарачэнне долі МАЗа на расейскім рынку, складскія запасы на МТЗ - для Беларусі гэта першыя наступствы рэцэсіі, якая пачынаецца ў эканоміцы Расеі. Традыцыйная і непарушная залежнасць многіх беларускіх вытворцаў і галін ад расейскага рынку, які ўступае ў перыяд спаду, ужо адбіваецца на Беларусі. У 2014 годзе прагназуюць яшчэ больш сур'ёзныя наступствы.

Кадравы голад

Адыходзячы год пацвердзіў яшчэ раз - ва ўладзе існуе рэальная праблема з кадрамі. Чыноўнікаў тасуюць з аднаго месца на іншае (Сямён Шапіра з гродзенскага стаў менскім губернатарам, Валерый Іваноў з крэсла кіраўніка Беларускай калійнай кампаніі перайшоў на кіруючую пасаду ў Белкаапсаюз). Новых асоб і новых ідэй практычна не з'яўляецца.

Геапалітычны аўтсайдэр

У канцы 2013 года Расея ў чарговы раз змяніла прыярытэт у палітыцы на постсавецкай прасторы. Калі раней такім магла лічыцца Беларусь, то цяпер - Украіна. Нездарма беларускі кіраўнік зноў загаварыў пра гатоўнасць дыялогу з Еўразвязам.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках