17 чэрвеня 2019, панядзелак, 3:02
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Беларускі рабочы загінуў на будоўлі ў Сочы

7

У Сочы 10 сакавіка з будаўнічых лясоў 14-павярховага дома сарваліся 9 рабочых, загінуў адзін чалавек, паводле папярэдніх звестак - грамадзянін Беларусі.

Яшчэ двое беларусаў пацярпелі, паведамляе БелаПАН.

«На вуліцы Пчальніковай падчас разборкі лясоў на будаўніцтве дома з астатняга паверху сарваліся 9 рабочых, адзін з іх загінуў, 8 з цялеснымі пашкоджаннямі шпіталізаваныя. Паводле гэтага факту следчымі органамі Следчага камітэта РФ Краснадарскага краю праводзіцца праверка», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Следчага камітэта Расеі.

Прадстаўнік Следчага камітэта Краснадарскага краю Іван Сенгяроў пацвердзіў, што загінулы быў грамадзянінам Беларусі.

Паводле папярэдніх звестак, рабочыя праводзілі дэмантаж будаўнічых збудаванняў без страхоўкі.

Паводле звестак інфармацыйных рэсурсаў Сочы, рабочыя, якія засталіся жывымі пасля падзення з вышыні, былі дастаўленыя ў лякарню аўтамабілямі хуткай дапамогі. Як паведамляецца, адзін з іх у гэты момант знаходзіцца ў крытычным стане з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Стан астатніх ацэньваецца як стабільна цяжкі.

Пасля правядзення праверкі расейскія следчыя ўзяліся за падрыхтоўку дакументаў для распачынання крымінальнай справы паводле артыкула «Парушэнне правілаў аховы працы».

Трагічны выпадак, які адбыўся ў Сочы, не з'яўляецца, на жаль, чымсьці выключным. Беларускія рабочыя ўжо не ў першы раз гінуць на замежных будоўлях.

Так, у канцы студзеня 34-гадовы грамадзянін Беларусі загінуў у выніку абвалу грунту пры пракладцы нафтатрубаправоду ў Тосненскім раёне Ленінградскай вобласці.

У 2011 годзе шэсць гастарбайтэраў з Беларусі, Расеі, Украіны і Узбекістана згарэлі жыўцом на будоўлі ў пасёлку Глухава Краснагорскага раёна Маскоўскай вобласці. Рабочыя будавалі павільён для кінастудыі «Главкино».

У Беларусі праз істотнае адрозненне ў аплаце працы назіраецца адток будаўнічых кадраў за мяжу. У большасці выпадкаў - у Расею. Пры гэтым нярэдкія выпадкі, калі беларусы згаджаюцца на нелегальную працу і выяўляюцца ў выпадку надзвычайнага здарэння неабароненымі.

Справядлівасці дзеля, адзначым, што будаўнічая галіна з'яўляецца траўманебяспечнай у прынцыпе, і на беларускіх будоўлях таксама перыядычна здараюцца НЗ. 27 лютага ў Магілёве з балкона дзесятага паверху дома, што будуецца, выпаў працоўны ААТ «Лаўсанбуд». Мужчына загінуў. Са слоў напарніка, мужчына выйшаў на паветра, бо яму нібыта стала кепска. А як ён падаў - сведак не было.

Яшчэ адзін прыклад - 26 верасня мінулага года на скрыжаванні праспектаў Дзяржынскага і Жукава ў Менску на будаўніцтве шматкватэрнага жылога дома загінуў 28-гадовы рабочы. Пры ўздыме вежавым кранам грузу на балкон 8-га паверха паддон з мяшкамі клею зваліўся на манцёра 1984 года нараджэння. Ад атрыманых траўмаў маладзён памёр на месцы.

Паводле аператыўных звестак, у Беларусі ў 2012 годзе на вытворчасці загінулі 168 работнікаў. Гэта на 28 чалавек менш у параўнанні з 2011 годам.