7 траўня 2024, aўторак, 3:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

12 сакавіка - Сусветны дзень супраць цэнзуры ў Інтэрнэце

7
12 сакавіка - Сусветны дзень супраць цэнзуры ў Інтэрнэце

(абноўлена) Яго галоўная задача - аб'яднанне намаганняў для таго, каб зрабіць Інтэрнэт вольным ад абмежаванняў і даступным для ўсіх.

У гонар Сусветнага дня супраць цэнзуры ў Інтэрнэце 12 сакавіка міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала «Спецыяльны даклад аб сеткавым маніторынгу».

У ім адзначаецца, што, дзякуючы тэхналогіям умяшання ў інфармацыйныя сістэмы і перахопу паведамленняў, дзяржавы працягваюць арыштоўваць усё больш журналістаў, грамадзянскіх актывістаў і іншадумцаў. На 12 сакавіка 2013 года ўжо каля 180 кібер-актывістаў застаюцца за кратамі за іх інфармацыйную дзейнасць у Інтэрнэце.

«Рэпарцёры без межаў» стварылі спіс з пяці краін-ворагаў Інтэрнэту, у які патрапілі дзяржавы, якія сістэматычна кантралююць Інтэрнэт і сур'ёзна парушаюць правы чалавека. Сірыя, Кітай, Іран, Бахрэйн і В'етнам ацэньваюцца арганізацыяй як самыя актыўныя «шпіёны», усё большыя намаганні якіх па кантролі за інтэрнэтам накіраваныя супраць іншадумцаў.

Кібер-напады і ўварванні прымаюць масавы характар, у прыватнасці адпраўка шкоднаснага праграмнага забеспячэння апазіцыянерам і іх калегам. Так званы «Вялікі кітайскі файрвол» - гэта, магчыма, самая дасканалая сістэма ў свеце, якая ўзмацняе вайну супраць ананімных сетак і падключае прыватныя вэб-кампаніі да сачэння за карыстачамі. Іранскі рэжым зрабіў яшчэ адзін крок да нагляду за інтэрнэтам: гэтая краіна разгарнула ўласную глабальную сетку «Інтэрнэт Halal». Што тычыцца Сірыі, «Рэпарцёры без межаў» атрымалі доступ да сакрэтных дакументаў, аб'яве 1999 году пра тэндэр Сірыйскага таварыства тэлекамунікацыі (STE). Гэты дакумент паказвае, што сірыйская Інтэрнэт-сетка была створаная з улікам магчымасці фільтрацыі кантэнту і сачэння за карыстальнікамі.

Аўтарытарныя краіны не маглі б шпіёніць за сваімі грамадзянамі без перадавых тэхналогій. Упершыню арганізацыя публікуе спіс з пяці кампаній-ворагаў Інтэрнэту, «наймітаў лічбавай эры»: Gamma, Trovicor, Hacking Team, Amesys і Blue Coat. Іх прадукцыя, інструменты «аптымізацыі сетак або барацьбы са злачыннасцю» выкарыстоўваліся ці ўсё яшчэ выкарыстоўваюцца ўладамі рэпрэсіўных краін для абмежавання свабоды інфармацыі, што парушае правы чалавека. Праграмы сачэння і перахопу інфармацыі кампаніі Trovicor дазволілі каралеўскай сям'і Бахрэйна шпіёніць за журналістамі і інтэрнэт-актывістамі і затрымліваць іх. У Сірыі прадукты DPI (паглыбленая праверка пратаколаў, тэхналогія праверкі і фільтрацыі Інтэрнэту), распрацаваныя Blue Coat, дапамагалі рэжыму шпіёніць за іншадумцамі і інтэрнэт-актывістамі па ўсёй краіне, а пасля арыштоўваць і катаваць іх. Праграмы Eagle кампаніі Amesys выявілі ў штабе сакрэтнай паліцыі Муамара Кадафі. Шкоднаснае праграмнае забеспячэнне, створанае кампаніямі HackingTeam або Gamma, дазволілі ўладам займець паролі журналістаў і інтэрнэт-актывістаў.

«Анлайн-сачэнне ўяўляе сабой усё большую небяспеку для журналістаў, грамадзянскіх журналістаў, блогераў і праваабаронцаў. Рэжымы, якія спрабуюць кантраляваць інфармацыю, больш не звяртаюцца да прамога блакавання інфармацыі, якое лёгка абыйсці, і якое неспрыяльна адбіваецца на іміджы дзяржавы. Яны ўсё часцей дзейнічаюць незаўважна, выкарыстоўваючы тонкую цэнзуру і сачэнне за карыстальнікамі акрамя іх волі», - шкадуе Крыстаф Дэлуар, генеральны сакратар «Рэпарцёраў без межаў».

«Сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека магчымыя толькі пры выкарыстанні рэпрэсіўнымі рэжымамі праграм і тэхналогій сачэння, што пастаўляюцца прадпрыемствамі, якія грунтуюцца ў дэмакратычных краінах. Таму самы час лідэрам гэтых краін, якія афіцыйна ганяць замахі на свабоду выказвання ў Інтэрнэце, прыняць дзейсныя меры, у прыватнасці паставіць пад сур’ёзны кантроль экспарт лічбавай зброі ў краіны, якія грэбуюць фундаментальнымі правамі», - раіць ён.

Перамовы паміж краінамі ўжо мелі месца, напрыклад Васенаарскія пагадненні, заключаныя ў 1996 годзе, якія заахвочваюць «празрыстасць і вялікую адказнасць у распаўсюджванні звычайных узбраенняў і тавараў і тэхналогій двайнога прымянення, каб прадухіліць небяспечную навалу». Гэтая дамова аб'ядноўвае 40 краін, у ліку якіх Францыя, Германія, Велікабрытанія і ЗША.

Падзеі арабскай вясны ў шэрагу краін, якія пацвердзілі велізарную ролю вэб-інфармацыі, таксама пераканалі рэпрэсіўныя дзяржавы ў неабходнасці кантролю дадзеных і лічбавых камунікацый. Некаторыя дэмакратыі таксама паступова зачароўваюцца ідэямі пра тое, што кібер-бяспеку і сачэнне за інтэрнэт-карыстальнікамі неабходныя любой цаной. У гэтым пераконваюць шматлікія законы і ініцыятывы, якія тэарэтычна змогуць абмяжоўваць свабоду: FISAA і CISPA у ЗША, British Communications Data Bill у Велікабрытаніі, Wetgeving bestrijding cybercrime у Нідэрландах.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках