23 красавiка 2024, aўторак, 12:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Лукашэнка губляе вагары ўплыву на сітуацыю

23
Deutsche Welle: Лукашэнка губляе вагары ўплыву на сітуацыю

Расейскія крэдыты і продаж дзяржуласнасці не выратуюць Беларусь ад крызісу.

Расея не спяшаецца выдаваць Беларусі запытаны крэдыт у 2 мільярды даляраў. Крэмль не адмаўляе, але чакае ад беларускага кіраўніцтва рэалізацыі прыватызацыйных планаў, паведамляе Deutsche Welle.

Нягледзячы на тое, што парадак дня праведзенага ў Санкт-Петэрбургу Найвышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі павінен была звесціся да руціннай працы - зацвярджэння саюзнага бюджэту на 2013 год у 5 мільярдаў долараў і падпісання іншых зараней падрыхтаваных дакумэнтаў - галоўнай інтрыгай была сустрэча расейскага і беларускага прэзідэнтаў, на якой за зачыненымі дзвярыма абмяркоўвалася просьба аб фінансаванні мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў.

Недарагі крэдыт

Пра тое, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца на вышэйшым узроўні, паведаміў міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў. Ён жа даў адказ, якім будзе вынік перамоў: крэдыт у 2 мільярды не спатрэбіцца, калі Менск выканае ўласныя планы прыватызацыі на суму 2,5 мільярды.

Мяркуючы з адсутнасці пераможных рэляцый з Менска, станоўчага адказу Лукашэнка пакуль не атрымаў. Перамовы аб «недарагім крэдыце» беларускі правадыр вёў з кіраўніцтвам Расеі яшчэ ў снежні. Але і тады расейская старана заявіла, што гатовая фінансаваць канкрэтныя праекты, а не просьбу з размытай фармулёўкай «на мадэрнізацыю».

ТНК замест прыватызацыі

На тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці ў 2013 годзе Беларусі спатрэбіцца больш за 3,5 мільярды даляраў. Амаль столькі ж трэба для выплаты запазычанасці за крэдыты. Без прыцягнення замежнага фінансавання не абысціся. Але Масква не ўпэўненая, што акцыі прадпрыемстваў, якія за яе кошт жадае мадэрнізаваць Мінск, будуць прапанаваныя менавіта расейскаму капіталу.

Расею даўно цікавяць МАЗ, «Гродна Азот», «Гомсельмаш», Менскі завод колавых цягачоў, завод электронікі «Інтэграл», «Беларуськалій», нафтаперапрацоўка і прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу. Першыя тры з гэтага спісу наведаў у лютым расейскі віцэ-прэм'ер Аркадзій Дварковіч. Але за два тыдні да сустрэчы з Пуціным у Петэрбургу Лукашэнка заявіў, што ніякай прыватызацыі не будзе.

Само слова «прыватызацыя» апошнім часам пакрысе знікае з лексікону беларускага кіраўніцтва. Цяпер Менск прапануе Маскве ствараць расейска-беларускія транснацыянальныя карпарацыі (ТНК). Расея зусім не супраць такога супрацоўніцтва. Але, відаць, улады Беларусі проста шукаюць легальны спосаб сыходу ад ранейшых прыватызацыйных абяцанняў. Бо ад самой ідэі стварэння ТНК да яе практычнай рэалізацыі шмат вады выцячэ, а пад ідэю ёсць шанец выпрасіць у Крамля чарговы крэдыт.

Якім коштам лейцы кіравання Лукашэнкі

«Моцная і квітучая Беларусь» пад кіраўніцтвам Лукашэнкі трымаецца збольшага за кошт расейскіх прэфэрэнцый. Расея як хаўруснік у інтэграцыі, з'яўляецца галоўным інвестарам у беларускую эканоміку і дае Беларусі беспрэцэдэнтныя саступкі ў кошце энэрганосьбітаў, якія даюць толькі на закупках газу ашчаду да 3 мільярдаў даляраў штогод.

У гэтым годзе Беларусь атрымае 880 мільёнаў даляраў – дзве астатніх раты з трохмільярднага крэдыту ЕўрАзЭС. Кіраўніцтва Беларусі пакуль не вярнула крэдыт у 1 мільярд даляраў, атрыманы пад заклад экспартнага даходу «Беларуськалія». Прыблізна года таму Расея выплаціла 2,5 мільярды даляраў за другую частку «Белтрансгаза». Яшчэ 10 мільярдаў даляраў ратамі прыйдуць з Расеі на будаўніцтва беларускай АЭС.

Крэмль заплюшчыў вочы на няспынныя махінацыі беларускай стараны з рээкспартам расейскай нафты без выплаты мытаў у бюджэт Расеі, пра што надоечы заявіў кіраўнік Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў. Пры гэтым напярэдадні Дзяржсавета нафтавыя пастаўкі ў Беларусь на другі квартал былі ўзгоднены на ўмовах Менска, у аб'ёмах утрая большых за ўласныя патрэбы краіны. Фактычна Расея ўручыла Беларусі вуду для рэфармавання эканомікі, але Менск па-ранейшаму спадзяецца на выкананне яго жаданняў залатой рыбкай - Масквой.

Пісуля на памяць

Вядома, Расея наўрад раскашэліцца на 2 мільярды даляраў, пакуль не атрымае ад Беларусі гарантый выканання абавязанняў, зафіксаваных у праекце мэмарандума ў выніку лютаўскай паездкі ў Беларусь Аркадзія Дварковіч. У той жа час Крэмль сур'ёзна заклапочаны фармаваннем Еўразійскага саюза, дамову аб якім плануецца падпісаць з Беларуссю і Казахстанам у 2014 годзе. Акрамя таго, толькі на дамоўнай базе «саюзнай дзяржавы» з удзелам Беларусі могуць быць рэалізаваныя шмат якія пункты новай вайсковай дактрыны Расеі.

Усведамляючы ўласную значнасць у праектах Крамля, Менск спадзяецца на крэдыт і з выкананнем абяцанняў не спяшаецца, таму для кіраўніцтва Беларусі ўсякі мэмарандум - не больш чым пісуля на памяць. На ўпэўненую заяву Пуціна аб пачатку фармавання холдынгу «Росбелавто» на базе расейскага КамАЗа і беларускага МАЗа Лукашэнка ўнікліва адказаў нічога не значнай фразай аб краінах-хаўрусніцах, якія «ў гэтым годзе скажуць ёмістае слова ва ўсіх кірунках».

Але ніякія расейскія крэдыты, адкрыты рынак з Расеяй і нават продаж дзяржуласнасці, як гэта было з «Белтрансгазам», без рэформаў не выведуць эканоміку Беларусі з крызісу. У беларускага правадыра застаецца ўсё менш вагароў уплыву на развіццё сітуацыі ва ўласнай краіне.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках