8 траўня 2024, Серада, 2:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінэнерга Расеі выкрыла Беларусь у новых махінацыях з нафтай

64
Мінэнерга Расеі выкрыла Беларусь у новых махінацыях з нафтай

Беларусь не вяртае ўзгоднены аб'ём нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты.

На мінулым тыдні Расея і Беларусь узгаднілі графік пастаўкі нафты ў нашу краіну на II квартал у аб'ёме 5,75 млн т. Такім чынам, як мінімум паўгода Беларусь будзе атрымліваць столькі нафты, колькі планавала: з разліку 23 млн т у год. Расейская прапанова першапачаткова была сціплей - 18,5 млн т. Беларусь працісквае свой варыянт, абяцаючы забяспечваць вяртанне 50% перапрацаванай нафты ў выглядзе нафтапрадуктаў - 3,3 млн т. Аднак, як высветлілі «Известия», у студзені-лютым дамоўленасці не выконваліся. Фармальна на рынак выстаўляўся абумоўлены аб'ём нафтапрадуктаў, але кошт завышаўся і спажыўцы куплялі толькі 15% прапанаванага паліва. На гэтай падставе кіраўнік Мінэнерга Аляксандр Новак у пачатку сакавіка прапанаваў у II квартале паменшыць аб'ём паставак нафты ў Беларусь. Аднак Расея ў чарговы раз паверыла Лукашэнку.

Пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь неаднаразова станавіліся прадметам спрэчкі паміж краінамі. З пачатку 2011 года, падпісаўшы пагадненне аб Мытным саюзе і стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы, Беларусь забяспечыла сабе бяспошлінную пастаўку расейскай нафты. Аднак наша краіна абавязалася пералічваць у расейскі бюджэт экспартныя пошліны на нафтапрадукты, нягледзячы на іх паходжанне, пры іх экспарце за межы Мытнага саюза. Праз паўгода пасля дасягнення дамоўленасцяў грымнуў новы скандал. Расейскія ўлады высветлілі, што Беларусь экспартуе нафтапрадукты ў Еўропу пад выглядам растваральнікаў. І так як гэтыя тавары не абкладаюцца экспартнай пошлінай пры вывазе за межы Мытнага саюза, Расея за іх грошы не атрымлівала.

Новы паварот у «нафтавых» адносінах дзвюх краін звязаны з адмовай Расеі ад выкарыстання бензіну ніжэй стандарту «Еўра-3». У сувязі з тым, што шэраг расейскіх кампаній не паспяваюць мадэрнізаваць свае НПЗ пад новыя стандарты якасці паліва, над Расеяй навісла рэальная пагроза бензінавага дэфіцыту. У прыватнасці, Федэральная антыманапольная служба не выключае, што праз тры гады рынак чакае востры недахоп паліва: аб'ём дэфіцыту можа ўзрасці ў 70 разоў. Самым відавочным для ўладаў варыянтам выхаду з гэтага становішча стала пакрыць недахоп паліва за кошт паставак нафтапрадуктаў з Беларусі, бо ад «позняга СССР» рэспубліцы засталіся ў спадчыну адносна новыя перапрацоўчыя магутнасці - Мазырскі НПЗ і ААТ «Нафтан».

Беларусь папрасіла бяспошлінна паставіць ёй у 2013 годзе 23 млн т нафты, але расейскі бок гатовы быў накіраваць толькі 18,5млн т пры ўмове вяртання ў Расею 2,1 млн тон нафтапрадуктаў стандарту «Еўра-3». Бакі доўга дамаўляліся, у выніку ў снежні на перамовах расейскага віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча і беларускага віцэ-прэзідэнта Уладзіміра Сямашкі была дасягнутая дамоўленасць аб рээкспарце 3,3 млн т нафтапрадуктаў, графік паставак нафты на I квартал склаў 5,75 млн т (з разліку 23 млн т у год).

Такім чынам, беларускі бок прыняў на сябе абавязацельствы забяспечваць расейскім кампаніям права перапрацоўваць 50% нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, і штодня выстаўляць для рэалізацыі на тэрыторыі Расеі нафтапрадукты ў аб'ёме 8,5 тыс. т аўтабензіну, 4 тыс. т дызельнага паліва і 0,81 тыс. т паліва для рэактыўных рухавікоў. Галоўная ўмова, сфармаваная бакамі, - прадаваць расейскім кампаніям паліва па коштах, сфармаваных на расейскіх біржавых таргах і не большых кошту закрыцця папярэдняга дня. Любыя адхіленні ад гэтых умоў бакі павінны прымаць толькі пасля ўзгаднення адзін з адным.

Аднак, як паказаў маніторынг фактычнай рэалізацыі паставак нафты і нафтапрадуктаў у студзені і лютым 2013 года, Беларусь па-ранейшаму не выконвае свае абавязацельствы, распавяла «Известиям» крыніца ў Мінэнерга. Фармальна сярэдняя велічыня выстаўленых аб'ёмаў паліва ў студзені склала 28 тыс. т у суткі пры ўстаноўленым мінімуме 12,5 тыс. т. У лютым сутачны аб'ём продажу складаў 23 тыс. т у суткі. Аднак аб'ём рэалізацыі нафтапрадуктаў быў невысокім і склаў усяго 15% па аўтабензіну і 0,2% па дызпаліву ад выстаўленага аб'ёму продажаў, кажа крыніца ў Мінэнерга. Паводле яе слоў, расейскія кампаніі не купляюць прапанаваную беларусамі прадукцыю, так як у 15 з 17 сесій кошт прапановы беларускага боку аказваецца вышэй кошту закрыцця папярэдняга дня. Па выніках маніторынгу ў лютым такая сітуацыя была зафіксаваная ўжо на ўсіх 18 гандлёвых сесіях. Беларускі бок не ўзгадніў з расейскім адхіленні ад раней агавораных умоў паставак нафтапрадуктаў і адпаведныя рашэнні прымаў самастойна, дадае суразмоўца «Известий» у міністэрстве.

Інфармацыю аб парушэннях з боку беларусаў пацвярджае і віцэ-прэзідэнт Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы Міхаіл Цемнічэнка. На гэтай пляцоўцы вядзецца гандаль беларускімі нафтапрадуктамі. Рэспубліка не выконвае ўмову продажу па кошце не вышэй кошту папярэдняга дня.

У апошні час колькасць прадаўцоў, якія гандлююць беларускай прадукцыяй праз СпбМТСБ, узрасла. Калі казаць пра 92-гі бензін, то доля прадукцыі, перапрацаванай у Беларусі, якая прадаецца на пляцоўцы, дасягае ўжо 20%, кажа віцэ-прэзідэнт біржы.

Па выніках аналізу Мінэнерга канстатавала невыкананне Беларуссю ўзятых на сябе абавязацельстваў і накіравала ва ўрад прапанову абмежаваць пастаўкі нафты ў рэспубліку ў II квартале. Аб'ём паставак павінен быў скласці 4,25 млн т - зыходзячы з гадавога аб'ёму у 18,5 млн т з улікам «павялічаных» паставак у I квартале, распавядае крыніца ў міністэрстве.

Аднак на перамовах беларускаму боку ўдалося пераканаць расейскі ўрад у захаванні «павышаных» паставак - 5,75 млн т.

Зрэшты, зараз пасля ўзгаднення графіка паставак на II квартал на міжурадавым узроўні, Мінэнерга наяўнасць прэтэнзій да рэспублікі адмаўляе. «Беларускі бок выканаў свае абавязацельствы па выстаўленні аб'ёмаў у студзені - лютым», паведамілі «Известиям» у прэс-службе ведамства.

У сярэднім выстаўлены аб'ём перавышаў 25 тыс. тон у дзень, рэалізацыя складала больш за 15 тыс. тон у суткі. Кошт прапановы беларускага боку за названы перыяд у шэрагу выпадкаў сапраўды быў вышэйшы за кошт закрыцця біржы папярэдняга дня, прызнае прадстаўнік міністэрства, але дадае, што ён «заставаўся ў рамках узгодненага бакамі правіла коштаўтварэння». Пачынаючы з сакавіка аб'ём рэалізацыі нафтапрадуктаў значна павялічыўся ў сувязі з наяўнасцю ўстойлівай прэміі расейскага рынку. Гэта было абумоўлена зніжэннем сусветных коштаў на аўтабензін і павелічэннем стаўкі вывазной мытнай пошліны, тлумачаць у прэс-службе міністэрства Аляксандра Новака. Прадстаўнік віцэ-прэм'ера Аркадзь Дварковіч не стаў каментаваць працэс перамоваў аб графіку паставак нафты Беларуссю ў II квартале.

На думку гендырэктара Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Канстанціна Сіманава, Беларусь любым шляхам спрабуе стварыць некамфортныя ўмовы для набыцця Расеяй нафтапрадуктаў.

- У цяперашняй сітуацыі, калі ў нас часовы дэфіцыт бензіну «Еўра-3», беларускі бок шукае любыя спосабы дадатковага заробку, - лічыць Канстанцін Сіманаў. - Беларускія заводы, як вядома, апошнімі былі пабудаваныя ў Савецкім саюзе, і яны адны з самых новых. Адзін са шляхоў вырашэння праблемы - прыватызацыя гэтых прадпрыемстваў.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках