28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выбіваць» нафту даручылі Мясніковічу

21
«Выбіваць» нафту даручылі Мясніковічу

(абноўлена) Правіцель даручыў кіраўніку ўрада весці перамовы з Расеяй па пастаўках нафты на бягучы год.

У Менску выступаюць супраць манапалізацыі буйнымі расейскімі нафтавымі кампаніямі экспарту нафты ў Беларусь, заявіла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у аўторак крыніца ва ўрадавых колах.

«Прэм'ер-міністру даручана дамаўляцца па балансе паставак расейскай нафты ў гэтым годзе, але пакуль прадметных перамоваў па гэтым пытанні няма», - адзначыла крыніца.

Па наяўных дадзеных, на прэм'ер-міністра краіны таксама ўскладзенае непасрэднае куратарства канцэрна «Белнафтахім» у цэлым. Раней працу канцэрна ва ўрадзе курыраваў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, ён жа на працягу апошніх гадоў узначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па энергетычнай тэматыцы.

Суразмоўца агенцтва песімістычна ацэньвае магчымасці заключэння нафтавых дамоўленасцяў у бліжэйшы час. «Думаю, што да правядзення намечанай на 15 сакавіка сустрэчы прэзідэнтаў гэтая праблема не вырашыцца», - сказаў ён.

Суразмоўца агенцтва таксама паведаміў, што ва ўрадзе Беларусі негатыўна ставяцца да планаў пяці найбуйнейшых расейскіх кампаній атрымаць прыярытэтнае права на пастаўкі нафты ў рэспубліку, і маюць намер пярэчыць супраць прыняцця расейскімі ўладамі такога рашэння. «Мы будзем катэгарычна пярэчыць, нам не патрэбны гэты манапалізм, нам не выгадна аддаваць свае магутнасці», - заўважыла крыніца ва ўрадавых колах.

Яна таксама нагадала, што ў снежні 2011 года беларускі бок падпісаў з расейскімі НК пагадненне, у якім агаворваліся не толькі ўмовы пастаўкі нафты ў рэспубліку, але і ўмовы паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Расею на некалькі гадоў.

Пры гэтым у балансе нафтапрадуктаў на 2012 год першапачаткова прадугледжваліся пастаўкі 5,3 млн тон аўтамабільнага паліва.

У канцэрне «Белнафтахім» афіцыйна пацвярджаюць, што куратарства дзейнасці канцэрна ва ўрадзе перададзена ад першага віцэ-прэм'ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі прэм'ер-міністру.

«Ёсць распараджэнне кіраўніка ўрада ад 4 сакавіка аб пераразмеркаванні функцый і паўнамоцтваў унутры ўрада. Згодна з гэтым дакументам, курыраванне дзейнасці канцэрна ўскладзена на прэм'ер-міністра М.Мясніковіча», - паведамілі ў канцэрне.

Афіцыйны прадстаўнік канцэрна дадаў, што пытанне пра дзейнасць канцэрна «Белнафтахім» абмяркоўвалася, у ліку іншых, на пасяджэнні Савета міністраў, якое адбылося 1 сакавіка з удзелам Лукашэнкі і было прысвечана вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2012 год і задачам на 2013 год.

Нагадаем, Беларусь, нягледзячы на напружаныя перамовы з Расеяй у канцы 2012 года, не змагла дасягнуць дамоўленасці пра аб'ём імпарту нафты ў 2013 годзе. Бакі ўзгаднілі толькі аб'ём паставак на першы квартал гэтага года. Беларускі бок запытвае на 2013 год 23 млн тон нафты, расейскі бок заяўляў пра гатоўнасць паставіць толькі 18,5 млн тон з улікам неабходнасці загрузкі нафтаправода БТС-2. Акрамя таго, бакі пакуль не могуць узгадніць аб'ёмы і тэрміны пастаўкі ў Расею нафтапрадуктаў, якія атрыманыя на беларускіх НПЗ з расейскай нафты, у тым ліку на давальніцкіх умовах. Расейскі бок падкрэслівае, што ў 2012 годзе Беларусь не выканала свае балансавыя абавязацельствы па вяртанні нафтапрадуктаў на расейскі рынак і прадугледжвае вяртанне Беларуссю нафтапрадуктаў у Расею ў аб'ёме 2 млн тон у 2013 годзе.

Акрамя таго, у канцы лютага, на фоне адсутнасці ўзгодненага рашэння па аб'ёмах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2013 годзе, пяць найбуйнейшых расейскіх нафтавых кампаній звярнуліся з лістом да Уладзіміра Пуціна, у якім папрасілі замацаваць за імі прыярытэтнае права экспартаваць нафту ў Беларусь.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках