19 красавiка 2024, Пятніца, 15:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фільм «Жыве Беларусь» заняў другое месца на кінафестывалі ў Празе

13

Нашумелая кінастужка была паказаная на Міжнародным кінафестывалі ў сталіцы Чэхіі, а таксама ў рамках Дзён Беларусі ў Стакгольме.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў аўтар сцэнарыя, моладзевы актывіст Франак Вячорка.

«Фільм на Міжнародным кінафестывалі ў Празе паказалі тройчы: 19, 20 і 21 сакавіка. Гэта быў адзін з апошніх конкурсных фільмаў, таму, натуральна, увага з боку журы да яго была высокая. У дзень прэм'еры ў фае кінатэатра «Cinestar», дзе праходзіў фэст, разгарнулі вялікія бел-чырвоныя-белыя сцягі, вакол якіх пачалі групавацца актывісты беларускай эміграцыі і студэнты. У зале быў аншлаг. Прэзентаваць фільм выйшаў рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч, а таксама мы з Вінцэнтам», - сказаў сцэнарыст.

Ён адзначыў, што ў час прагляду аўдыторыя рэагавала вельмі эмацыйна.

«Некаторыя жанчыны плакалі, але большасць глядзела ўважліва да канца, смеючыся час ад часу. Чальцы журы пасля паказу распавядалі, што гэта адзіны конкурсны фільм фестывалю, пасля якога былі авацыі. Нягледзячы на сур'ёзных канкурэнтаў і фаварытаў, фільм заняў другое месца, разбудзіў Прагу і разварушыў увесь фэст. Галоўнае, у чым я пераканаўся дакладна - фільм трэба глядзець у кінатэатры, на вялікім экране з добрым гукам. Толькі так можна ўбачыць усе дэталі, якія ў ім ёсць. Кшыштаф Лукашэвіч сказаў, што цяпер ідуць перамовы, каб на польска-беларускім памежжы арганізаваць бясплатныя паказы фільма для беларусаў», - падкрэсліў аўтар сцэнарыя.

Актывіст дадаў, што паказ кінастужкі «Жыве Беларусь» адбыўся таксама ў Стакгольме ў рамках Дзён Беларусі, якія праходзілі з 19 да 21 сакавіка.

«У гэтай імпрэзе бралі ўдзел запрошаныя з Беларусі ды іншых краін праваабаронцы, журналісты, музыкі, былыя палітычныя вязні. У сталіцы Швецыі паказ адбыўся ў вялікім кінатэатры «Bio Rio». Акрамя нас з Вінцэнтам быў аўтар музыкі Лявон Вольскі. Ён сказаў, што музыка пісалася «ад душы», бо сам служыў у савецкай войску, а з тых часоў, на жаль, мала што змянілася. Я і Вінцэнт адказвалі на пытанні шведаў, якіх цікавіла, што ў фільме праўда, а што не, ці існуюць прататыпы герояў, а таксама як і дзе здымалася стужка», - сказаў Франак Вячорка.

Нагадаем, фільм «Жыве Беларусь» здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Трэйлер быў паказаны на Бэрлінскім кінафестывалі вясной 2012 года, а прэм'ерны паказ адбыўся на фэсце ў Канах.

Рэжысёр фільма - паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Аўтар сцэнарыя - беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка.

Галоўную ролю рок-музыкі Мірона Захаркі выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінцэнт) Папко. Фільм заснаваны на рэальных падзеях і аб’яднаў у сабе гісторыі і лёсы шмат якіх беларусаў, што пацярпелі і надалей церпяць ад рэпрэсіяў у Беларусі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках