3 траўня 2024, Пятніца, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пецярбургу Дзень Волі адзначылі канцэртам Памідорава і фільмам Хашчавацкага

6

Канцэртам Аляксандра Памідорава адзначыў клуб «Беларусы Пецярбурга» 95-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Святкаваць пачалі яшчэ ў пятніцу, 22 сакавіка. У гэты дзень у клубе «Манхэттэна» адбыўся супольны канцэрт рок-музыкі Аляксандра Памідорава і пецярбуржскага рок-барда Аляксандра Чарнецкага.

Памідораў выканаў шэраг песень на рускай і беларускай мовах: «Снайпер на даху», «Быць беларусам», пераклад песні Боба Марлея «Давай, уставай!» ды іншыя. Атмасфера ў клубе панавала вельмі цёплая, сардэчная. Не ўсе прысутныя расейцы разумелі па-беларуску, тым не менш яны ахвотна падпявалі некаторыя песні.

Некаторыя з песень былі сугучныя з бягучай сітуацыяй у Расеі. Як і ў Беларусі, цяпер у Расеі з'явіліся палітвязні, людзі пратэстуюць супраць несумленных выбараў. «Тое, што адбываецца ў Расеі, у Беларусі ўжо было. Магу прадказаць, што будзе тут у бліжэйшым часам», - пажартаваў спявак.

На наступны дзень, 23 сакавіка, святкаванне прадоўжылася ў бары «Свабода». Тут ужо чакалі прывезеныя з Менска сала і гарэлка. Беларускі квас куплялі ў мясцовай краме. Актывістка клуба «Беларусы Пецярбурга» Святлана Гаўрыліна частавала ўсіх сапраўднымі беларускімі дранікамі ўласнага прыгатавання. Пакаштаваць беларускую кухню прыйшлі больш за 40 чалавек: беларускія студэнты з пецярбуржскіх ВНУ, тыя, хто з'ехаў з Беларусі з палітычных ці эканамічных прычын.

Павіншаваць беларусаў са святам прыйшлі і ўдзельнікі руху «Інгрыі». Нагадаем, як і БНР, незалежная Паўночная Рэспубліка Інгрыі паўстала на Карэльскай паўвыспе ў выніку раскідання Расейскай Імперыі. Дзяржаўнасць Паўночнай Інгрыі існавала з ліпеня 1919 года да снежаня 1920 года. За даволі кароткі тэрмін свайго існавання Інгрыя набыла ўсе атрыбуты дзяржаўнасці: уласныя герб, сцяг, гімн, войска, флот і нават суд і пошту.

Да свята таксама далучыліся і пецябруржцы, якія прыйшлі ў бар адразу пасля мітынгу за вызваленне палітвязняў, якія апынуліся за кратамі пасля масавых пратэстаў у мінулым годзе супраць сфальсіфікаваных выбараў.

З прывітальным словам выступіў каардынатар замежных сувязяў клуба, палітолаг Дзяніс Васільеў. Ён нагадаў, у якіх варунках нараджалася БНР. «Атрыманне Беларуссю незалежнасці ў пачатку 90-х - гэта працяг той барацьбы, якая пачалася ў 1918 годзе», - адзначыў ён. Дзяніс таксама падкрэсліў, што клуб «Беларусы Пецярбурга» павінны стаць ядром, якое аб'ядноўвае беларусаў, асабліва беларускую моладзь, для захавання нацыянальнай культуры, традыцый і самаідэнтыфікацыі, а таксама для падтрымання сувязяў з Радзімай. «Трэба аб'ядноўвацца, каб разам бараніць свае правы ў рамках прававога поля, арганізоўваць самадапамогу, падтрымліваць нацыянальныя сімвалы – герб «Пагоня», бел-чырвона-белы сцяг, гімн, беларускую мову, гісторыю, адным словам усё, што складае нацыянальную памяць народа. Наша задача стварыць у Пецярбургу малую радзіму, каб дапамагаць усім, хто тут апынуўся, а таксама дапамагаць развівацца самой Беларусі, якая абвясціла сваю Незалежнасці 25 Сакавіка 1918 года», - падкрэсліў актывіст.

Маргарыта Пярова распавяла аб Радзе БНР і братах Луцкевічаш, што стаялі каля яе вытокаў. Распавяла яна і пра вучонага, аўтара шмат якіх прац па гісторыі Беларусі, стваральніка і нязменнага старшыню Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Валянціна Грыцкевіча, які памёр у пачатку сакавіка гэтага года.

Удзельнікі свята паглядзелі фільм Юрыя Хашчавацкага «Дзень Волі» і разам з Аляксандрам Памідоравым праспявалі беларускія песні. Скончылася сустрэча агульным фотаздымкам на пасярэбрэненай пласціне старэнькай фотакамеры 40-х гадоў. Такім чынам пецярбуржскія беларусы як бы зафіксавалі сваю агульнасць з гісторыяй Радзімы. На такія пласціны ў XIX стагоддзі рабілі здымкі сасланых у Сібір паўстанцаў 1863 года.

Наступная сустрэча клуба «Беларусы Пецярбурга» запланавана на 7 красавіка. У гэты дзень гаворка пойдзе пра жыццё і творчасць геніяльнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках