6 траўня 2024, панядзелак, 13:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі пад наглядам міліцыі

3
Дзень Волі пад наглядам міліцыі

Дэмакратычная грамадскасць Магілёва адзначыла гадавіну абвяшчэння БНР.

Каля 15 чалавек вечарам 25 сакавіка прынялі ўдзел ва ўрачыстым ускладанні кветак да будынка сярэдняй школы №1, дзе, па апошніх дадзеных магілёўскіх гісторыкаў, у 1918 годзе мясцовы прадстаўнічы сход прызнаў уладу Рады БНР, паведамляе БелаПАН.

Першапачаткова планавалася, што маршрут шэсця з кветкамі пройдзе па вуліцы Ленінскай да Савецкай плошчы да Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея, дзе, як раней меркавалі магілёўскія гісторыкі Ігар Пушкін і Аляксандр Агееў, у 1918 годзе размяшчаўся Акруговы суд. У Акруговым судзе адбыўся сход прадстаўнікоў Магілёўскага Беларускага камітэта, іншых арганізацый і партый, органаў улады, якія прызналі ўладу Рады БНР. Менавіта да будынка краязнаўчага музея з 2007 года магілёўскія дэмакраты ўскладалі кветкі ў памяць пра падзеі 25 сакавіка 1918 года.

Аднак у гэтым годзе напярэдадні акцыі маршрут следавання быў зменены. Як паведаміў прысутным старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў, Пушкін і Агееў знайшлі ў архівах Вільні і Менска сведчанні таго, што ў 1918 годзе Акруговы суд размяшчаўся ў будынку тагачаснай Марыінскай жаночай гімназіі, цяперашняй сярэдняй школы №1 на вуліцы Першамайскай.

Шэсце з кветкамі суправаджалі не менш сямі прадстаўнікоў міліцыі і іншых сілавых ведамстваў у форме і ў цывільным, якія здымалі працэсію на відэакамеру. Некаторыя ўдзельнікі акцыі ў сваю чаргу таксама здымалі сілавікоў на фота-і відэаапаратуру.

Пасля ўскладання кветак да будынка СШ №1 перад прысутнымі выступіў Зміцер Салаўёў, які распавёў пра апошнія пошукі магілёўскіх гісторыкаў, звязаныя з прызнаннем у 1918 годзе прадстаўнічым сходам у Магілёве ўлады Рады БНР. Затым вялікая частка ўдзельнікаў акцыі ў адвольным парадку накіравалася ў грамадскі цэнтр «Кола», дзе прайшоў вечар, прысвечаны Дню Волі. Якіх-небудзь затрыманняў супрацоўнікамі міліцыі ні падчас правядзення акцыі, ні пасля яго не было.

Як паведаміў, выступаючы перад прысутнымі ў цэнтры «Кола», Ігар Пушкін, у 1915 годзе Акруговы суд пераехаў з будынка цяперашняга краязнаўчага музея ў Марыінскую жаночую гімназію, у сувязі з тым, што будынак суда быў перададзены Стаўцы цара Мікалая ІІ. Ён падаў копіі дакументаў, выяўленых ім і Аляксандрам Агеевым, у архівах Вільні і Менска і сведчанняў таго, што сход з каля 400 прадстаўнікоў прайшоў у Магілёве 31 сакавіка 1918 года, і на ім абсалютнай большасцю галасоў была прызнаная ўлада Рады БНР. Ён публічна прызнаў памылковасць ранейшых сцвярджэнняў аб тым, што сход прадстаўнікоў прайшоў у будынку цяперашняга краязнаўчага музея і зноў выяўленыя дакументы дазволілі выправіць гэтую памылку.

Падчас вечарыны прысвечанай Дню Волі і арганізаванай Партыяй БНФ і прадстаўнікамі аргкамітэта па стварэнні партыі БХД была праведзеная віктарына на гістарычную тэму, выступілі мясцовыя барды і паэты. Зміцер Салаўёў абвясціў аб пачатку збору подпісаў за наданне Дню Волі, 25 сакавіка, статусу дзяржаўнага свята і непрацоўнага дня.

Нагадаем, што раней Магілёўскі гарвыканкам адмовіў прадстаўнікам Каардынацыйнага савета абласной кааліцыі дэмакратычных сіл у дазволе правесці 24 сакавіка мерапрыемствы ў цэнтры горада, прысвечаныя Дню Волі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках