28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нас знішчаць, як клас»

60
«Нас знішчаць, як клас»

Прадпрымальнікі, якія гандлююць на брэсцкіх рынках, з вялікай трывогай чакаюць будучае лета.

Як высвятліў карэспандэнт charter97.org, падставай для хваляванняў стане неабходнасць выконваць тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці», які ўводзіць абавязковую маркіроўку некаторых груп тавараў адзіным знакам абарачэння прадукцыі на рынку дзяржаў-членаў МС.

Да гэтага часу для прадпрымальнікаў, якія выплачваюць адзіны падатак, з усяго пераліку прадукцыі легпрама толькі на дзіцячы абутак ад іх патрабаваліся сертыфікаты адпаведнасці. Цяпер жа рэгламент абавязковы для ўсіх, хто рэалізуе тавары лёгкай прамысловасці ў краінах Мытнага саюза. А значыць, прадпрымальнікі павінны маркіраваць адзіным знакам усю сваю прадукцыю, на якую распаўсюджваецца дзеянне згаданага рэгламенту, калі ў іх няма ў наяўнасці раней выдадзеных беларускіх сертыфікатаў адпаведнасці альбо дэкларацый аб адпаведнасці.

Першапачаткова гэты рэгламент павінен быў уступіць у сілу ўжо з 1 студзеня 2013 года, але пасля хвалі зваротаў ІП была прадастаўленая адтэрміноўка, якая дазваляе яшчэ паўгода працаваць па ранейшых схемах, не займаючыся зборам дадатковага пакета дакументаў. Што будзе пасля 1 ліпеня самі прадпрымальнікі нават баяцца ўявіць. Асабліва калі самі яны не з'яўляюцца імпарцёрамі, а тавар з трэціх краін закупляецца ў буйных аптовых прадаўцоў (часцей за ўсё ў Маскве).

На нядаўняй сустрэчы з мясцовымі гандлярамі начальнік аддзела сертыфікацыі прадукцыі, паслуг і платных работ Брэсцкага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Галіна Якушэвіч спрабавала пераканаць ІП, што ніякіх праблем у іх не будзе. «У Расеі вельмі шмат органаў па сертыфікацыі, і атрымаць на тавар дэкларацыю або сертыфікат адпаведнасці не павінна скласці працы, - патлумачыла Якушэвіч. - Дакументы гэтыя зараз адзіныя і сапраўдныя на ўсёй тэрыторыі мытнай прасторы».

Аднак прадпрымальнікі такі варыянт развіцця падзей адпрэчваюць, паколькі ўпэўненыя: маскоўскія аптавікі не паклапоцяцца пра збор неабходных дакументаў, паколькі не займаліся гэтым раней. «Мы проста вернемся да таго, ад чаго калісьці сышлі: у Маскве каля беларускіх аўтобусаў зноў будуць тырчаць людзі, якія прадаюць падробленыя сертыфікаты», - распавёў адзін з гандляроў Мікалай Бацяшаў.

Ён жа задаўся пытаннем: што рабіць, калі тавар прывезены з Польшчы? «Такога цуду няма нідзе ў свеце, каб за якасць тавару нёс адказнасць не вытворца, а прадавец, - абураецца Бацяшаў. - У ЕЗ лічыцца, што калі вытворца афіцыйна зарэгістраваны, значыць, ужо прайшоў усе неабходныя праверкі і яму можна давяраць. І нікому ў галаву не прыходзіць патрабаваць пацвярджэння якасці тавару ў тых, хто займаецца рознічным гандлем».

Але, мяркуючы па ўсім, з 1 ліпеня прадпрымальнікам прыйдзецца не столькі спадзявацца на законапаслухмянасць сваіх аптавікоў, колькі рыхтаваць усе дакументы самім. А гэта - і дорага, і хітра. «Калі я зараз тры тыдні ў месяц працую, каб аплаціць арэнду, а тыдзень - на ўсё астатняе, то ўлетку, пасля збору ўсіх неабходных папер, нават не акупяцца ўсе мае выдаткі, - прызнаўся брэсцкі ІП, якія гандлюе на рынку. - Атрымліваецца, што з дапамогай гэтага тэхнічнага рэгламенту ўлады маюць намер знішчыць нас, як клас».

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках