6 траўня 2024, панядзелак, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы ўказ па «ільготнікам» уздыме кошты на здымнае жыллё

75

Жыццё ў Менску даражэе. І калі на прадуктах народ умудраецца неяк эканоміць, то вырашыць кватэрнае пытанне за ўмераны кошт становіцца ўсё больш складана.

Кошт арэнднага жылля з восені мінулага года істотна вырас, і цяпер чакаецца новае падаражэнне. Уся справа ў тым, што прапанова на рынку арэнднага жылля можа скараціцца.

Кошт аднапакаёвай: была 200, цяпер 300, будзе і больш

За тым, што адбываецца на рынку арэнднага жылля лепш паглядзець на свае вочы. З восені 2012 года сітуацыя развіваецца такім чынам, што зняць кватэру патэнцыйным арандатарам станавілася ўсё даражэй. А пачаўся рост коштаў, нагадаем, у верасні мінулага года, пасля даручэння Аляксандра Лукашэнкі забраць кватэры ў тых, хто купіў іх за кошт ільготных крэдытаў і здаваў у арэнду.

Як бачым, пачынаючы з верасня 2012 года, кошт арэнды жылля ў Менску ўвесь час павялічваўся.

«Восенню 2012 года людзі спалохаліся і перасталі здаваць жыллё, пабудаванае з дзяржпадтрымкай, у новабудоўлях. Гэта прывяло да істотнага росту коштаў: калі ў жніўні 2012-га аднапакаёвую кватэру ў Менску здавалі прыкладна за 200 даляраў, то на працягу апошніх пяці месяцаў зафіксаваўся кошт, які знаходзіцца ў раёне 300 даляраў за аднапакаёвую кватэру», - канстатуе начальнік аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Наталля Радзеня.

Па словах эксперта, нягледзячы на рост коштаў, попыт на жыллё ў сталіцы захаваўся. «Попыт існуе. Людзі здымаюць жыллё, таму што ім неабходна дзесьці жыць», - распавядае Наталля Радзеня.

Цяпер кватэраздымшчыкам трэба падрыхтавацца да новага росту коштаў. Справа ў тым, што прапанова жылля (гаворка ідзе пра новабудоўлі) на рынку арэнды зараз можа яшчэ больш скараціцца.

Паводле даных Мінбудархітэктуры, на гэты час падрыхтаваны праект указа, які забараняе грамадзянам, якія пабудавалі жыллё з дзяржпадтрымкай, здаваць яго ў арэнду да поўнага пагашэння крэдыту. Мала гэтага, праект дзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што права здаваць жыллё ў арэнду ў такіх грамадзян з'явіцца, калі пройдзе 5 гадоў пасля пагашэння крэдыту.

«З рынка павінны сысці ўсе кватэры, пабудаваныя з дзяржпадтрымкай, па якіх не пагашаныя ільготныя крэдыты», - прагназуе дырэктар кансультацыйнай кампаніі «Віва Капітал» Вадзім Тачкін. На яго думку, грамадзяне, якія пабудавалі жыллё з дзяржпадтрымкай, наўрад ці рызыкнуць парушаць закон, таму кватэр у новабудоўлях будзе здавацца значна менш.

«Такога аб'ёму прапановы ў новых дамах рынак арэнды ўжо не ўбачыць. Таму кошт арэнды жылля будзе расці», - мяркуе Вадзім Тачкін.

Іншыя ўдзельнікі рынку нерухомасці таксама чакаюць росту коштаў. «У выпадку прыняцця падрыхтаванага рашэння (аб забароне здаваць у арэнду пабудаваныя з дзяржпадтрымкай кватэры) чакаем новае падаражэнне арэнднага жылля», - кажа Наталля Радзеня.

Па словах эксперта, новабудоўлі займаюць каля 8% на рынку арэнднага жылля і карыстаюцца асаблівай папулярнасцю сярод маладых сем'яў. Таму скарачэнне прапановы кватэр у новабудоўлях, мяркуюць ўдзельнікі рынку, прывядзе да прыкметнага перавышэння попыту над прапановай, што і выкліча рост коштаў.

«Уваходны квіток» у сталіцу падаражэе

Акрамя росту коштаў можна чакаць і іншых наступстваў. Па-першае, мабыць, на рынку арэнднага жылля будзе расці прапанова кватэр, якія адносяцца да старога жылога фонду.

«Хутчэй за ўсё, некаторыя грамадзяне будуць дзейнічаць як «прасунутыя» гродзенскія жыхары: са старых кватэр пераселяцца ў пабудаванае з дзяржпадтрымкай новае жыллё, а спусцелую жылплошчу здаваць. Такім чынам, жаданне атрымліваць дадатковы прыбытак будзе трансфармавацца, і на рынак замест новабудоўляў будзе выходзіць стары жылы фонд», - лічыць Вадзім Тачкін.

На думку эксперта, чаканыя змены не бясследна адаб'юцца і на рыэлтарах: з-за знікнення прапановы ў новабудоўлях на рынку арэнды жылой нерухомасці застануцца толькі буйныя кампаніі, якія маюць вялікую базу кліентаў і кватэр.

Аднак найбольшыя наступствы забарона здаваць у арэнду жыллё, пабудаванае з дзяржпадтрымкай, будзе мець на сацыяльным узроўні.

Удзельнікі рынка нерухомасці кажуць, што здымаюць кватэры даражэй замежнікі: работнікі амбасад, прадстаўніцтваў. «Што тычыцца бюджэтнага жылля, то асноўнымі кватэраздымшчыкамі з'яўляюцца маладыя сем'і (з дзецьмі і без), а таксама маладыя спецыялісты», - кажа Наталля Радзеня. Адпаведна, рост коштаў ускладніць жыццё гэтай катэгорыі грамадзян.

Акрамя гэтага, сур'ёзныя складанасці ўзнікнуць у тых, хто здаваў жыллё ў новабудоўлях, каб пагасіць ільготны крэдыт, атрыманы на будаўніцтва жылля. «Многія грамадзяне, якія пабудавалі жыллё з дзяржпадтрымкай, здаюць кватэры ў арэнду не ад добрага жыцця, а таму, што ім няма чым пагашаць узяты крэдыт. Такіх грамадзян досыць шмат», - канстатуе Наталля Радзеня.

У сваю чаргу, іншыя ўдзельнікі рынку нерухомасці лічаць, што запланаваныя змены знаходзяцца ў правільным кірунку. «Калі грамадзяне не ў стане абслугоўваць нават ільготны крэдыт, не варта абцяжарваць сябе правам уласнасці. Трэба суадносіць свае магчымасці са сваімі патрэбамі і вырашаць жыллёвую праблему іншымі шляхамі», - адзначае Вадзім Тачкін.

На яго думку, рост коштаў на арэнднае жыллё прывядзе да таго, што «ўваходны квіток» у сталіцу для іншагародніх будзе даражэць. «У Менску стане дорага жыць, ва ўсіх мегаполісах менавіта так і адбываецца. У сталіцу павінны прыязджаць тыя, хто зможа прапанаваць працадаўцу высокую якасць працы і атрымліваць высокую зарплату», - лічыць Вадзім Тачкін.

Рост коштаў на рынку арэнднага жылля - гэта, безумоўна, выклік для іншагародніх. Бо яны можа, і не заўсёды высокакваліфікаваныя спецыялісты, але таксама хочуць годна жыць. Дарэчы, па дадзеных за люты, у Менску заробак большы за 5 млн. рублёў атрымлівалі 53,9% работнікаў, ад 2 млн. да 3 млн. рублёў - 2% супрацоўнікаў арганізацый. У абласцях карціна зусім іншая: зарплату ад 2 млн. да 3 млн. атрымлівае трэць работнікаў, звыш 5 млн. рублёў - толькі 15-20% супрацоўнікаў арганізацый.

Зміцер Заяц, «Белорусские новости»

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках