3 траўня 2024, Пятніца, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманы падазраваны ў выбухах у Бостане

69
Затрыманы падазраваны ў выбухах у Бостане

Пасля драматычнай шматгадзіннай аперацыі паліцыя ў Бостане затрымала 19-гадовага Джахара Царнаева, які падазраецца ў саўдзеле ў выбухах на Бостанскім марафоне.

Этнічны чачэнец і ўраджэнец Кыргызстана, ён быў схоплены ў Уотертауне, прыгарадзе Бостана, перадае BBC.

У выбухах Джахар Царнаеў падазраваўся разам са сваім старэйшым братам Тамерланам. Раніцай у пятніцу браты ўступілі ў перастрэлку з паліцыяй, у выніку чаго Тамерлан загінуў, а Джахар схаваўся, справакаваўшы маштабнае паляванне, якое трымала ў напрузе ўвесь горад.

Ахвярамі выбухаў на фінішы Бостанскага марафону ў панядзелак сталі тры чалавекі, больш за 170 пацярпелі.

Прэзідэнт Барак Абама заявіў, што расследаванне павінна будзе ўстанавіць, што паставіла братоў, якія выраслі ў Злучаных Штатах, на шлях гвалту і ці былі ў іх памагатыя.

ФБР афіцыйна прызнала, што ў 2011 годзе яго агенты дапытвалі Тамерлана Царнаева па просьбе ўладаў неназванай замежнай дзяржавы. Верагодней усяго просьба зыходзіла ад уладаў Расеі, дзе чачэнец бываў, апошні раз, па словах яго бацькі, у 2012 годзе.

Царнаевы жылі ў ЗША каля 10 гадоў. Джахар атрымаў амерыканскае грамадзянства шляхам натуралізацыі, а яго старэйшы брат меў від на жыхарства.

Агенты ФБР правяралі электронныя паведамленні 26-гадовага чачэнца, але не заўважылі нічога падазронага, што паказвала б на сувязі з экстрэмістамі.

Джахар Царнаеў пасля арышту быў змешчаны ў шпіталь у Масачусетсы з агнястрэльнымі раненнямі нагі і шыі. Яго стан ацэньваецца як цяжкі, ён страціў шмат крыві.

Камісар паліцыі Бостана Эд Дэвіс падкрэсліў, што паліцэйскія ва ўсіх выпадках імкнуцца захопліваць падазраваных жывымі. Непасрэдна перад захопам у Царнаева не стралялі, але ён вёў перастрэлку з паліцыяй на працягу гадзіны да гэтага, а таксама раніцай у пятніцу.

Падазраваны хаваўся ў лодцы, якая стаяла на беразе за адным з дамоў ва Уотертауне.

Там яго і выявіў уладальнік лодкі, які выйшаў са свайго дома, калі ўлады вырашылі, што выпусцілі ўцекача, і адклікалі прадпісанне жыхарам не пакідаць свае дамы.

Убачыўшы ў лодцы скрываўленага мужчыну, уладальнік выклікаў паліцыю, якая накіравалася да дома неадкладна і ўсімі сіламі, у тым ліку на верталётах.

Паліцыянты адказвалі на стрэлы Царнаева, а таксама спрабавалі дэзарыентаваць яго светлашумавымі гранатамі.

Пасля затрымання ўцекача пачуццё радасцi ў горадзе было заразлівым і не пакінула ў баку і саміх паліцэйскіх.

«Схоплены!!! Паляванне завершанае. Пошук скончаны. Тэрор спыніўся. І правасуддзе перамагло. Падазраваны затрыманы», - гаварылася ў паведамленні Твітар-акаўнта паліцэйскага ўпраўлення Бостана, якое рэтвітнулі больш за 100 тыс. карыстальнікаў сеткі.

Абвясціўшы, што падазраваныя асабліва небяспечныя, улады Масачусетса спынілі рух грамадскага транспарту і рэкамендавалі жыхарам мільённага Бостана з прыгарадамі не пакідаць свае дамы.

У чацвер, праз некалькі гадзін пасля апублікавання фатаграфій падазраваных, браты Царнаевы застрэлілі супрацоўніка паліцэйскай службы Масачусетскага тэхналагічнага інстытута і цяжка паранілі яшчэ аднаго паліцэйскага.

Анзор Царнаеў, бацька падазраваных, заявіў, што яго сыноў падставілі спецслужбы.

Паводле яго слоў, Джахар быў студэнт-медык і атрымліваў прэстыжную прафесію нейрахірурга.

«Гэта зроблена было спецслужбамі, я не ведаю, якімі. А ўзялі сына - чалавек хадзіў у мячэць, і яны на яго ўсё скінулі. І застрэлілі», - сказаў бацька, маючы на ўвазе Тамерлана.

У штаце Нью-Джэрсі ў Анзора Царнаева жыве дачка, чыё імя амерыканскія ўлады перадаюць як Аіліна Царнаева. У пятніцу яе таксама наведалі агенты ФБР, канфіскаваўшы ў яе кампутар.

Царнаева заявіла, што яна шмат гадоў не мела зносінаў з братамі.

У Тамерлана Царнаева засталася жонка англасаксонскага паходжання і дачка ад яе.

«Наша дачка страціла мужа, бацьку яе дзіцяці. Мы не можам зразумець, як адбылася гэтая жудасная трагедыя. Пасля жаху ў Дзень патрыётаў мы ўсвядомілі, што ніколі не ведалі Тамерлана Царнаева», - заявіла журналістам яго цешча, Джудзіт Расэл.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках