5 траўня 2024, Нядзеля, 18:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія ўлады забаранілі акцыі ў гадавіну аварыі на ЧАЭС

5
Віцебскія ўлады забаранілі акцыі ў гадавіну аварыі на ЧАЭС

Актывісты апазіцыі атрымалі 2 адмовы на свае заяўкі, пададзеныя ў гарвыканкам.

Па трэццяй заяве няма нават адказу, хоць яго павінны былі даць не пазней чым за 5 дзён да меркаванай акцыі, піша сайт ПЦ «Вясна».

Мітынг, прысвечаны памяці Чарнобыльскай трагедыі, збіраўся арганізаваць кіраўнік абласной структуры Руху «За свабоду» Хрыстафор Жэляпаў. Мерапрыемства ў Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ забараніла правесці Першамайская раённая адміністрацыя. Афіцыйная прычына - адсутнасць дамоваў з медыкамі і міліцыяй на абслугоўванне акцыі. Дамову атрымалася заключыць толькі з камунальнікамі, астатнія адказныя структуры праігнаравалі зварот дэмакратычных актывістаў.

Такім чынам, арганізатары акцыі зноў усталі перад праблемай невыканальнага рашэння Віцебскага гарвыканкаму № 881. Так як яно патрабуе ад арганізатараў масавых мерапрыемстваў перад падачай заявак заключаць дамовы на абслугоўванне з медыкамі, камунальнікамі і міліцыяй, але ад супрацоўніцтва згаданыя структуры адмаўляюцца.

Спробы прымусіць іх заключыць дамовы праз суд таксама нічога не далі: паводле нядаўняга рашэння Кастрычніцкага райсуда, установы маюць поўнае права адмовіць актывістам у заключэнні дамоваў. 22 красавіка гэта рашэнне райсуда пакінуў у сіле Віцебскі абласны суд.

Па гэтай прычыне атрымаў адмову ад Чыгуначнай раённай адміністрацыі і кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў. Ён падаў заяўку на правядзенне мітынгу з нагоды 27-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.

«На сваёй старонцы ў Фэйсбуку я напісаў, што ад імя прадстаўніцтва партыі пададзеная заяўка на мітынг. Я нікуды нікога не заклікаў і не запрашаў, проста паведаміў аб гэтым факце. І ўжо адчуваю, што будуць наступствы: на 24 красавіка мяне запрасілі ў Кастрычніцкі РАУС «на допыт» - так напісана ў позве. Мяркую, што мой паход туды можа скончыцца прэвентыўным затрыманнем», - распавёў Леанід Аўтухоў.

За некалькі дзён да атрымання позвы яму патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі прыйсці, каб высветліць пытанні аб парушэнні заканадаўства аб СМІ. Спадар Аўтухоў без позвы ісці адмовіўся. Цяпер позва ўжо ёсць, і ён мяркуе, што гаворка ў міліцыі пойдзе пра падзеі 22 сакавіка. Тады іх з аднапартыйцам Кастусём Смолікавым затрымалі падчас раздачы партыйнага бюлетэня «Магістрат». У бюлетэні быў артыкул аб святкаванні Дня Волі ў Віцебску. Смолікава і Аўтухова абвінавацілі ў тым, што яны запрашаюць людзей на забароненую ўладамі акцыю і пакаралі арыштам на 5 сутак кожнага.

«У той дзень я наогул нічога не ведаў пра забарону ўладаў, бо ніякага адказу на сваю заяўку аб правядзенні акцыі яшчэ не атрымаў. Мы адседзелі «суткі» нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях. А цяпер, напэўна, міліцыянты лічаць, што мы нейкім чынам парушылі заканадаўства аб СМІ», - працягвае Аўтухоў.

Пунктуальнасцю ў зносінах з дэмакратычнымі актывістамі не адрозніваюцца і работнікі Кастрычніцкай раённай адміністрацыі. Адказу ад уладаў адносна заяўленага мітынгу ў парку Мазурына да гэтага часу не атрымаў сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках