4 траўня 2024, Субота, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На падрыхтоўку Ланскай да «Еўравізіі» марнуюць мільярды

117
На падрыхтоўку Ланскай да «Еўравізіі» марнуюць мільярды

Да паездкі на конкурс «Еўравізія-2013» беларуская ўдзельніца Алёна Ланская рыхтуецца з разгонам.

Бэльгійскі аўтар песні, сербскі пастаноўшчык нумара, грэцкі дызайнер, 70 тысяч стразаў Swarovski на сукенку, фуры з гарэлкай і пернікамі, пішуць «Беларускія навіны».

Цяпер спявачка знаходзіцца ў Сербіі, дзе «шліфуе нумар» разам з інтэрнацыянальнай камандай.

«Падрыхтоўка да конкурсу «Еўравізія» выйшла на фінішную лінію. Цяпер мы проста шліфуем нумар, - распавёў прадусар спявачкі Дзмітрый Баранаў. - Мы арандуем харэаграфічную зала, у якой стаіць прафэсійнае гукаўзмацняльнае абсталяванне. І Алена разам з бэк-вакалістамі і танцорамі шліфуе нумар - так, як гэта ўжо будзе адбывацца на вялікай сцэне ў Мальмё. Чаму ў Сербіі? Таму што з намі працуе сербская харэограф-пастаноўшчыца Зіле-Алекс Райфовіч. Мы працуем такой згуртаванай інтэрнацыянальнай камандай. Таксама сюды прыехаў бэльгійскі аўтар песні Марк Пэлінк. На сцэне з Алёнай будуць знаходзіцца дзве бэк-вакалісткі з Сербіі, два танцоры з Славеніі ды Нямеччыны і трэці маладзён з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які будзе і на бэку, і на падтанцоўванні».

Сам нумар, з ягоных слоў, будзе прысвечаны планеце любові. «Наш слоган - «Solayoh - is planet of love», гэта значыць, «Салея - планета любові», - падзяліўся Баранаў. - І агульная ідэя ў тым, што гэта канкрэтная планета, на якой жывуць добрыя і пазітыўныя людзі. І Алена, як пасланка гэтай планеты, прыйшла падзяліцца ідэямі дабра, гуманізму. І вось гэты пазітыў і зычлівасць, настрой любові яна і хоча перадаць сваёй песняй. Таму на сцэне з'явіцца дыскасфэра, які будзе імітаваць гэтую планету і з якой будзе выходзіць Алёна. А далей мы ўжо з дапамогай харэаграфічнай пастаноўкі будзем развіваць нашу ідэю…».

28-29 красавіка ў Ланскай ў рамках прома-тура запланаваныя выступы і інтэрв'ю ў Бэльгіі. Са слоў прадусара, дзеля падрыхтоўкі нумару яны не паспяваюць з'ездзіць на еўравечарыну ў Лондан. Гэтая імпрэзу пастанавілі прапусціць, каб «зрабіць нумар бездакорным».

30 красавіка спявачка вернецца ў Менск, дзе разам з бэк-вакалістамі і танцорамі будзе рэпетаваць на сцэне Моладзевага тэатра эстрады. Дапамагаць ёй будуць таксама педагог вакалу і педагог ангельскай мовы.

А 4 траўня Ланская са сваёй камандай паляціць у Мальмё. «Дэкарацыі праходзяць апошнюю шліфоўку і пакуюцца. Бухгалтары і юрысты займаюцца мытнымі пытаннямі і падрыхтоўкай дакументаў на транспартаванне. А Алёна ўжо будзе займацца толькі харэаграфіяй і шліфаваннем вакальнага майстэрства», - дадаў Дзмітрый Баранаў.

Над сукняй, у якой спявачка выйдзе на сцэну «Еўравізіі», працуе каманда дызайнераў з Грэцыі. «Цымусам» убору стануць 70 тысяч стразаў Свароўскі на ёй.

«Алёна павінна быць у ёй проста прыгожай і сэксуальнай. Сукенка будзе каралеўскага сіняга колеру. І паколькі ў нас дыскасфэра музычная, блішчастая, то і сукня будзе бліскучая, гожая і пазітыўная», - патлумачыў прадусар.

Над макіяжам і фрызурай Ланскай будуць працаваць стылісты і візажысты, якія працавалі з Ані Лорак, Дзмітрыем Калдуном, Філіпам Кіркоравым.

А прома-прадукцыю беларускай дэлегацыі давядзецца везці фурамі. У спісе блізу 50 найменняў - ад тысячы бутэлек гарэлкі і такой жа колькасці пернікаў і шакаладак «Алёнка» да флэш-картак і дэкарацыйнай планеты Solayoh.

«Сёлета ў нас вельмі шмат найменняў прома-прадукцыі, - кажа Дзмітрый Баранаў. - Бо калі артыст прыязджае на «Еўравізію», узнікае вялікая цікавасць не толькі да яго і ягонай песні, але і да краіны. З дапамогай гэтага конкурсу можна распавядаць і аб нашай дзяржаве, аб нашай культуры, гісторыі, нацыянальных таваравытворцах. Гэта важна і для брэндынгу самой дзяржавы. Таму так шмат усяго. Шчыра кажучы, такой колькасці прома-прадукцыі не было яшчэ ў гісторыі беларускіх удзельнікаў. Сяголета мы перасягнулі самі сябе».

І абышлася ўся прома-прадукцыя ў 250 тысяч даляраў. Са слоў Баранава, «пастанова аб колькасці, назвах і такім шырокім асартымэнце прома-прадукцыі прымалася фундатарамі».

А фундатары у Ланскай самавітыя - наваполацкі бізнэсовец Мікалай Варабей, кіраўнік кампаніі «Інтэрсэрвіс», якая займаецца гуртовымі пастаўкамі нафты на перапрацоўку і продажам нафтапрадуктаў на беларускім і міжнародным рынках, і Аляксандр Шакуцін, старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор», намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Праммедінвэст», уладальнік УГПП «Спамаш», групы кампаній «ПМВ-груп».

«Сёлета мы знайшлі фундатара - гэта вядомы бізнэсовец Мікалай Варабей з Наваполацка, гаспадар і кіраўнік кампаніі «Інтэрсэрвіс», - падзяліўся прадусар. - Таксама нам дапамагаюць група кампаній «ПМВ-груп» і кампанія «Спамаш-груп» (да якой належыць прадусарскі цэнтр «Спамаш» - заўв.рэд.). І я вельмі ўдзячны гэтым людзям ды іхным кампаніям. Таму што дзякуючы іхняй дапамозе ў нас ёсць магчымасць ездзіць у прома-туры, займацца пастаноўкай нумара, здымаць кліпы і проста тварыць».

Са слоў Дзмітрыя Баранава, на падрыхтоўку Алены Ланскай да конкурсу фундатары адправілі ўжо дзве раты па 2 млрд рублёў. І гэта яшчэ не ўсе выдаткі, адзначыў прадусар, таму агульная сума будзе «значна большай».

«Удзел у конкурсе «Еўравізія», як і ва ўсякіх іншых міжнародных спартовых ці культурных спаборніцтвах - нятанная забаўка», - заявіў Баранаў.

На ягоную думку, з такім разгонам падрыхтоўка беларускага артыста да «Еўравізіі» не праводзілася ўжо даўно: «Паколькі я магу меркаваць са сваёй працы, а я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы артыстаў да «Еўравізіі» з 2007 года, калі я працаваў з Дзімам Калдуном, то магу сказаць, што з тых часоў сапраўды такога ўзроўню падрыхтоўкі не было. Аб'ёмам прома-прадукцыі, чаканнямі, ажыятажам вакол асобы Алены і ейнай песні я магу параўнаць гэта толькі з тым, што адбывалася ў 2007 годзе».

Адказваючы на пытанне, ці спадзяецца ён на гэткі ж добры вынік, як у Калдуна (ён заняў 4-е месца ў паўфінале, што дагэтуль з'яўляецца найлепшым вынікам Беларусі на «Еўравізіі»), Баранаў заўважыў: «Як прадусар, вядома, я спадзяюся заўсёды на лепшае. Было б смешна, калі б мы на гэта не спадзяваліся. Неўзабаве ўбачым, што з гэтага выйдзе».

Напісаць каментар 117

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках