20 красавiка 2024, Субота, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марына Адамовіч: Рабіць рэверансы ў бок Лукашэнкі - ганьба

8
Марына Адамовіч: Рабіць рэверансы ў бок Лукашэнкі - ганьба

Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча лічыць рэкамендацыі Палецкіса яго асабістым меркаваннем і заклікае ставіцца да іх адпаведным чынам.

Пра гэта Марына Адамовіч заявіла ў інтэрв'ю сайту charter97.org, каментуючы прапановы дакладчыка дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі.

«Калі б спадар Юстас Палецкіс быў прыватнай асобай, то Бог яму суддзя. Але, на жаль, гэтыя рэкамендацыі зробленыя для афіцыйных органаў Еўрапейскага Звяза. На мой погляд, яны з'яўляюцца адступленнем ад асноўных прынцыпаў існавання ЕЗ: дэмакратычных каштоўнасцяў, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Расплывістыя і імглістыя фармулёўкі, якія прадугледжваюць прыпыненне дзеяння санкцый для таго, каб размаўляць з Лукашэнкам, супярэчаць усёй палітыцы, якую ЕЗ праводзіў у адносінах да нашай краіны ў апошнія гады. Гэта выглядае як па Астапу Бэндару - раніцай грошы, увечары крэслы. Непрыемна назіраць, як адны і тыя ж людзі зноў наступаюць на граблі. Не дасягнуўшы ніводнага станоўчага выніку, не дабіўшыся выканання ніводнага патрабавання, якія з'яўляюцца абсалютна законнымі і грунтуюцца на падпісаных Менскам міжнародных пагадненнях, рабіць рэверансы ў бок беларускіх уладаў мне здаецца несвоечасова і ганебна. Відавочна, што такім спосабам - выкарыстоўваючы метад перніка - дамагчыся іх дэмакратызацыі немагчыма», - заявіла Марына Адамовіч.

Жонка Мікалая Статкевіча не згодная з меркаваннем дакладчыка дэлегацыі Еўрапарламента аб тым, што ў мінулым годзе сітуацыя ў Беларусі палепшылася.

«Мяне глыбока здзівіла заява Палецкіса пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў 2012 годзе. Нават у гэтым годзе даволі ілюстрацый, якія сведчаць аб адваротным. Пасля жорсткага падаўлення грамадзянскай супольнасці ўлады дэманстратыўна ўзяліся за незалежных журналістаў - апошнія затрыманні найлепшае пацверджанне гэтага. Таму я не бачу ніводнай прыкметы паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. Я хачу нагадаць спадару Палецкісу, што з адзінаццаці чалавек, якіх ЕЗ прызнае ў якасці палітвязняў, пяцёра знаходзяцца ў турмах. Гэта самы жорсткі рэжым пакарання.

Спадзяюся, што Еўрапейскі парламент будзе разглядаць гэтыя рэкамендацыі як прыватнае меркаванне іх аўтара і не будзе забываць пра свае жа рашэнні, прынятыя раней» - сказала яна.

Нагадаем, дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі заявіў пра тое, што ў 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэнне сітуацыі з выкананнем правоў чалавека, а «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» аказаў станоўчы ўплыў на развіццё грамадзянскай супольнасці». Зыходзячы з гэтага, ён прапанаваў пашырыць кантакты з беларускімі чыноўнікамі, падрыхтаваць «дарожную мапу» па развіцці дыялогу з афіцыйным Менскам, уключаючы міжпарламенцкія адносіны, выключыць з «чорных спісаў» ключавых чыноўнікаў для наладжвання дыпламатычных каналаў.

Дадзеныя рэкамендацыі змяшчаюцца ў дакладзе, падрыхтаваным Палецкісам і апублікаваным на сайце Еўрапарламента.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках