20 траўня 2024, панядзелак, 8:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларуськалій» абвінавачвае «Уралкалій» у зрыве дамоўленасцей

29
«Беларуськалій» абвінавачвае «Уралкалій» у зрыве дамоўленасцей

«Беларуськалій» настойвае на захаванні «Беларускай калійнай кампаніі».

Пра гэта заявіў генеральны дырэктар прадпрыемства Валерый Кірыенка, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, у цяперашні час партнёр «Беларуськалію» па БКК ААТ «Уралкалій» пастаўляе праз тавараправодную сетку БКК толькі каля 20% хлорыстага калію, а астатнія 80% рэалізуе праз тавараправодную сетку ўласнага трэйдара - «Уралкалій Трэйдынг СА».

«Хаця ў абгрунтаванні стварэння БКК было выразна запісана, што ўсе патокі «Уралкалію» і «Беларуськалію» павінны прадавацца праз тавараправодную сетку нашага агульнага трэйдара, але, на жаль, расейскі бок свае абавязацельствы не выканаў», - распавёў Валерый Кірыенка.

Ён таксама адзначыў, што з моманту стварэння БКК у 2005 годзе шмат што змянілася на рынку калію.

«Яна стваралася з маленькім «Уралкаліем». Чаму я кажу «маленькім»? Таму што тады ў яго структуры яшчэ не было «Сільвініту» і ніякіх пытанняў не ўзнікала, дамоўленасці па прапорцыі продажаў на экспарт складалі 60% прадукцыі «Беларуськалію» і 40% «Уралкалію», - сказаў гендырэктар.

Ад здзелкі зліцця з яшчэ адным расейскім вытворцам калію «Сільвінітам» у 2011 годзе «Уралкалій» за адзін раз атрымаў значнае нарошчванне вытворчых магутнасцяў.

«А мы ж будавалі рудні і павялічвалі магутнасці, неслі выдаткі, каб не быць ніжэй «Уралкалію» па аб'ёме здабычы. Пасля гэтага і пачаліся супярэчнасці», - дадаў Валерый Кірыенка.

У цяперашні час і пазіцыя «Беларуськалію», і пазіцыя ўрада Беларусі, па словах Валерыя Кірыенкі, застаюцца нязменнымі: праца сумесна з «Уралкаліем» толькі праз БКК.

Пакуль жа паміж заснавальнікамі беларускага калійнага трэйдара захоўваюцца нязгоды.

«Калі мы гаворым пра тое, што павінны быць і парытэтнае кіраванне БКК, і парытэтнае стаўленне, нас не хочуць слухаць, нам кажуць – ва «Уралкалію» магутнасці сёння больш. Але мы адмыслова правялі міжнародны аўдыт, і аказалася, што мы маем рацыю, а той бок не такі моцны, як заяўляе», - адзначыў гендырэктар «Беларуськалію».

Валерый Кірыенка захоўвае аптымізм і веру ў перспектывы сумеснага бізнесу з «Уралкаліем»:

«Гэта не кажа пра тое, што мы разбягаемся, гэта кажа пра тое, што кожны бок мае свае інтарэсы, мы - Рэспублiкi Беларусь, а яны - свае ўласныя. Але гэтыя інтарэсы павінны і могуць быць урэгуляваныя».

Гендырэктар «Беларуськалію» дадаў, што неабходна агаварыць і ўмовы працы ў сувязі са з'яўленнем АЭП і Мытнага саюза, якіх не было на момант стварэння БКК. Гаворка ідзе перш за ўсё пра ўмовы працы БКК на расейскім рынку. Ёсць некаторыя нязгоды паміж партнёрамі і з нагоды працы «Уралкалію» з расейскімі вытворцамі NPK-угнаенняў, якія, купляючы ва «Уралкалію» сыравіну для сваёй прадукцыі, затым адціскаюць прадукцыю «Беларуськалію» на знешніх рынках.

Нагадаем, у снежні 2012 года «Беларуськалій» і «Уралкалій» узгаднілі аб'ёмы продажаў і кошты на калійныя ўгнаенні на 2013-2015 гады. Адпаведныя дамоўленасці былі дасягнутыя падчас перамоў у беларускім урадзе з акцыянерам ААТ «Уралкалій» Сулейманам Керымавым. Тады бакі дамовіліся аб наступных прапорцыях продажаў: на 2013 год за беларускім бокам фіксуецца 48,3% продажаў калійных угнаенняў праз БКК, у 2014 годзе - 49%, у 2015-м - 50% на 50%.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках