17 чэрвеня 2026, Серада, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: «Чорны спіс» ЕЗ трэба пашыраць

8
Анатоль Лябедзька: «Чорны спіс» ЕЗ трэба пашыраць

Скасоўваючы санкцыі ў дачыненні да некаторых фірмаў і асобаў, Еўропа паказвае перспектыву для тых, хто «добра сябе вядзе».

Пра гэта заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, каментуючы сайту charter97.org адмену санкцый ЕЗ супраць двух беларускіх фірмаў і былога намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии».

«Я з'яўляюся прыхільнікам таго, каб спіс людзей і кампаній, на якіх накладзеныя абмежаванні, быў жывым. Гэта не значыць, што ён не павінен ні дапаўняцца, ні скарачацца. Калі людзі ці кампаніі трапляюць у «чорны спіс», значыць, былі нейкія прычыны. Калі гэтыя прычыны знікаюць, то з'яўляюцца юрыдычныя і палітычныя падставы, каб перагледзець дадзеныя рашэнні. І наадварот, тыя, хто сваімі дзеяннямі парушае Канстытуцыю і міжнародныя абавязацельствы, павінны дапаўняць гэты спіс», - перакананы палітык.

Ён лічыць, што Еўрапейскі звяз такім чынам паказвае пэўную перспектыву для тых, хто «паводзіць сябе добра».

«Будзе добра, калі там з'явяцца некалькі прозвішчаў тых, хто ў апошні час парушаў закон. Стварыць такі баланс было б выдатна. З аднаго боку паказаць, што з «чорнага спісу» можна быць выключаным, калі для гэтага знікнуць падставы. І наадварот, што будзе захоўвацца прынцыповая паслядоўная пазіцыя ў дачыненні да тых, хто парушае Канстытуцыю, міжнародныя дамовы Беларусі, правы і свабоды беларускіх грамадзян. Брусэль паказвае, што гатовы да фармату мяккага кампрамісу, так як гэта не прозвішчы людзей з сілавых структур. Можна сказаць, што гэта другасныя прозвішчы ў дадзеным спісе», - упэўнены Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, сёння стала вядома пра адмену еўрапейскіх санкцый супраць двух беларускіх фірмаў - «Аквадыў» і «Спорт-пары» - і былога намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Ганны Шадрынай. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні Рады ЕЗ ад 29 траўня 2013 года.

Адным з уласнікаў СТАА «Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод «Аквадыў» праз даччыныя структуры з'яўляецца «кашалёк» Лукашэнкі Уладзімір Пефціеў. Кампанія патрапіла пад дзеянне абмежавальных мер ЕЗ 23 сакавіка мінулага года.

Сузаснавальнікам ЗАТ «Спорт-пары» з'яўляецца спартыўны клуб Лукашэнкі, які ўзначальвае яго сын Зміцер. Санкцыі супраць яе былі ўведзеныя 20 чэрвеня 2011 года.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках