8 мая - прэм'ера фільма «Жыве Беларусь!» на сайце Хартыі'97
53- 7.05.2013, 12:59
Ад 8 мая на www.charter97.org беларусы змогуць паглядзець і спампаваць нашумелы фільм «Жыве Беларусь!».
Гэта польска-беларускі фільм Кшыштафа Лукашэвіча, зьняты паводле рэальных падзеяў, прысьвечаны сучаснаму беларускаму супраціву.
На гэтым тыдні заканчваюцца паказы фільму «Жыве Беларусь!» у бальшыні кінатэатраў Польшчы. Агулам адбылося больш за 400 паказаў фільму. «Жыве Беларусь!» атрымаў 14 пазытыўных рэцэнзіяў, у тым ліку ад кінакрытыкаў асноўных польскіх газэтаў «Gazeta Wyborcza», «Rzeczpospolita», кінапарталу «Filmweb» ды іншых.
Прэм’ера фільму адбылася 17 красавіка ў Палацы культуры і навукі Варшавы з удзелам стваральнікаў фільму, зорак кіно і тэатру, а таксама вядомых польскіх палітыкаў. На прэм’ерных паказах у Варшаве і Беластоку быў аншляг.
«Жыве Беларусь!» заняў другое месца на Міжнародным кінафэстывалі ў Празе, прыязна быў сустрэты аўдыторыяй у Стакгольме і на фэстывалі ў Цешыне , рыхтуецца да фэстываляў у Партугаліі і Бэльгіі, якія пройдуць у чэрвені.
Амбасадар Беларусі Віктар Гайсянок напісаў ліст дыстрыбутару фільму, у якім назваў стужку фальшывай і запатрабаваў тэрмінова зьняць яе з пракату.
Фільм ахоплівае шэраг праблемаў: палітычныя рэпрэсіі, цэнзура, Чарнобыль, забароненыя музыкі, палітпрызыў і палітвязьні, дыскрымінацыя беларускай мовы.
«Жыве Беларусь!» па-мастацку паказвае кантрасты жыцьця беларусаў — багаты Менск і ўбогая правінцыя, а менавіта чарнобыльская зона, дзе нягледзячы на радыяцыю, вымушаныя жыць людзі.
Фільм часткова пабудаваны на фактах з жыцьця моладзевага актывіста і журналіста Францішка Вячоркі.
Фільм «Жыве Беларусь!» здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Над карцінай працавалі Польская дзяржаўная кінастудыя мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў (WFDIF) і французскі Canal +.
Сусветнай дыстрыбуцыяй фільма «Жыве Беларусь!» займаецца італьянская кампанія Intramovies.
Перадпрэм’ерны паказ фільму адбыўся на фэстывалі ў Канах у 2012.
Рэжысэр карціны — паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты — Францішак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.
Галоўную ролю — рок-музыкі Мірона Захаркі — выканаў беларускі музыка Зьміцер (Вінсэнт) Папко. У фільме зьнялася зорка польскага кіно Караліна Грушка.
У фільме таксама зьняўся вядомы беларускі музыка Аляксандр Памідораў і актор Анатоль Кот, які пасьля здымак трапіў на чорны сьпіс забароненых у Беларусі актораў.
Музыку да «Жыве Беларусь!» напісаў Лявон Вольскі.