Юрый Хашчавацкі: Лукашэнка баіцца, што яго помнік заплююць і знясуць
49- 7.05.2013, 17:50
Беларускі кіраўнік не супраць узвядзення помніка сабе, але пры гэтым баіцца, што яго загадзяць галубы, заплююць і знясуць незадаволеныя людзі.
Такое меркаванне выказаў сайту charter97.org кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, каментуючы забарону беларускага дыктатара ўсталёўваць помнік «першаму прэзідэнту краіны».
«Лукашэнка заўсёды ўяўляе, як руйнуюць помнікі, такім, як ён. Я бачыў зусім страшныя і жудасныя кадры, як гэта рабілі ў Душанбэ і Маскве. Справа не ў тым, каб помнік паставілі, а ў тым, каб яго не знеслі. Беларускі кіраўнік пятым пачуццём гэта разумее, таму і вырашыў не ўвязвацца», - лічыць рэжысёр.
Ён таксама адзначыў, што з іншага боку, гэта з'яўляецца піярам.
«Бо Лукашэнка самы «сціплы» і «сумленны». Вось і цяпер павёў сябе сціпла. На самай справе, гэта страх уявіць сабе карціну, як гэты помнік будуць прыбіраць, як ён будзе злятаць з пастамента і гэтак далей. І не прыйдзецца доўга чакаць. Нават пры сённяшняй уладзе на гэты помнік будуць здзяйсняць налёты», - перакананы Юрый Хашчавацкі.
Ён падкрэсліў, што, у рэшце рэшт, манумент могуць акружыць АМАПам і паставіць вечную варту.
«Але гэта дорага абыдзецца. Зараз мы і так «пралятаем» па ўсім эканамічным паказчыкам, а пры гэтым прыйдзецца трымаць добрую сотню байцоў, каб гэту скульптуру не аблілі якой-небудзь гадасцю. А што рабіць з галубамі? Для гэтага трэба ўсталёўваць снайпераў на ўсіх дахах. Гэта вялікая арганізацыйная праца, на якую папросту не хопіць грошай, ды яшчэ і ў Год «беражлівасці», - падсумаваў кінарэжысёр.
Нагадаем, сёння беларускі дыктатар, размаўляючы ў Менску з удзельнікамі цэрымоніі пачатку будаўніцтва комплексу «Магістр» для навуковай і творчай інтэлігенцыі, заявіў, што з'яўляецца праціўнікам узвядзення помніка першаму прэзідэнту Беларусі і палітычным дзеячам у цэлым.