Школьнікаў зганяюць на шэсце 9 траўня
83- 8.05.2013, 17:30
Менскіх школьнікаў па разнарадцы адпраўляюць на парад.
Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі бацькі дзяцей з двух школ і адной гімназіі сталіцы. На парад патрабуюць прывесці шасцікласнікаў, васьмікласнікаў і чацвёртакласнікаў з гэтых школ, яўка абавязковая.
«У мяне ні адзін вучань не хоча ісці, усе з'язджаюць. Але калі я выйду адна, атрымае наша дырэктарка па шапцы», - распавяла адна класная кіраўніца.
Шэсце ветэранаў традыцыйна пройдзе з Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі, дзе ўскладуць вянкі.
Нагадаем, у Магілёве ўлады зайшлі яшчэ далей. Настаўнікам загадана не толькі прывесці на парад школьнікаў, але і не «быць панурымі». Па патрабаванням мясцовых ідэолагаў, усе ўдзельнікі масавага мерапрыемства павінны мець радасныя выразы твару і ўсміхацца.