Імпартазамяшчэнне па-беларуску: «мацарэла» і «рыкота» з Турава
44- 13.06.2013, 12:53
- 45,776
Беларусаў плануюць накарміць айчыннай версіяй італьянскіх сыроў.
На Тураўскім малочным камбінаце пачалі вырабляць сыр па італьянскай тэхналогіі.
Паведамляецца, што прадукцыя паспяхова прайшла лабараторныя даследаванні. Першыя партыі паўцвёрдага сыру «Мацарэла піца» і мяккага «Мацарэла» ўжо адпраўленыя на прылаўкі крам Гомельшчыны. Сёння сутачны аб'ём перапрацоўкі сыравіны, а яго на тураўскае прадпрыемства пастаўляе ААТ «Тураўшчына», складае 32 тоны. А да канца года вытворцы плануюць нарасціць аб'ём перапрацоўкі да 50 тон, піша «Рэспубліка».
Да канца года прадпрыемства плануе выпускаць каля 700 т гатовай прадукцыі ў месяц. Гэта такія сыры, як мацарэла ў заліўцы, мацарэла паўцвёрдая, рыкота, маскарпоне, свежыя і вэнджаныя сыры скармоца, правола, правалета, сметанковы сыр.
Прадпрыемства арыентаванае на тое, каб зрабіць свежыя сыры даступнымі для спажыўца. Як з пункту гледжання прадстаўленасці ў гандлёвых кропках, так і з пункту гледжання кошту. Напрыклад, упакоўка сыру мацарела ў заліўцы каштуе 12-18 тыс. рублёў (у залежнасці ад вагі), а слоічак сыру рыкота - 11-15 тыс.
Прадукцыя Тураўскага малочнага камбіната будзе рэалізоўвацца таксама ў Расеі і Украіне.
Нагадаем, беларускія вытворцы таксама наладзілі выпуск сыроў «Гаўда», «Асіага» і «Маасдам».