20 траўня 2024, панядзелак, 23:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жыве Беларусь!» сабраў аншлаг на фэстывалі ў Партугаліі

10
«Жыве Беларусь!» сабраў аншлаг на фэстывалі ў Партугаліі

Фільм пра беларускі супраціў паказалі ў Партугаліі і Нямеччыне.

З 7 да 16 чэрвеня ў горадзе Сэтубал ў Партугаліі адбываўся Міжнародны кінафэстываль Festroia. Гэта другі значнасцю кінафэст у Партугаліі, паведамляе «Радыё Свабода».

Прэзэнтацыя фільма «Жыве Беларусь!» адбылася 9 чэрвеня ў галоўнай зале «Forum Luisa Todi» у Сэтубале пры аншлагу. Фільм прадставілі рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч, выканаўца галоўнай ролі Зміцер «Вінсэнт» Папко і сусцэнарыст Франак Вячорка.

Кшыштаф Лукашэвіч падкрэсліў у сваім выступе, што «Жыве Беларусь!» - не проста фільм, а знак салідарнасці з тымі, хто змагаецца за свае перакананні ў Беларусі» і што «важна паказаць праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі ў гэтай еўрапейскай краіне».

Са слоў Вінсэнта, удзел у фільме – гонар для яго.

«Фактычна, гэта першы сучасны беларускамоўны мастацкі фільм. Каб ён з'явіўся, мы аддалі шмат сіл. І цяпер мы радыя, што далёкая Партугалія можа ўбачыць вынік нашай працы, пачуць беларускую мову і даведацца крыху больш пра сучасную Беларусь. Гэта краіна з выдатнымі прыгожымі людзьмі, якія імкнуцца да лепшага жыцця», - сказаў ён.

У конкурсе фэстывалю Festroia ўдзельнічаюць 14 еўрапейскіх фільмаў. Акрамя «Жыве Беларусь!» за галоўны прыз спаборнічаюць фільм «Дзяўчына і смерць» Ёса Стэлінга з Сяргеем Макавецкім і Рэнатай Літвінавай, «У белым палоне» оскараўскага намінанта Пітэра Нэса з Рупэртам Грынам і Дэвідам Кросам у галоўных ролях. У конкурсе бяруць удзел таксама фільмы «90 хвілін» нарвэжскага рэжысёра Евы Сорхаўг, рэлігійная драма аб рэжыме Піначэта «The Passion of Michelangelo» чылійскага рэжысёра Эстэбана Ларэна, «Колы» Срджана Галубовіча пра падзеі 1993 падчас вайны на Балканах ды іншыя.

Францішак Вячорка адзначыў, што сам удзел у фэсце - ужо прызнанне для стужкі.

«Прабіцца на фестываль такога ўзроўню вельмі цяжка. Напрыклад, беларускія фільмы, калі не лічыць «У тумане», ніколі на іх не траплялі. Нашы спаборнікі - знакамітыя рэжысёры і зоркі еўрапейскага кіно. Усе адзначылі якасны ўзровень «Жыве Беларусь!». Таксама мы дамовіліся з арганізатарамі, што ў наступным годзе фэстываль запросіць які-небудзь беларускі фільм», - сказаў ён.

Вынікі конкурсу стануць вядомыя 15 чэрвеня.

12 чэрвеня таксама адбылася закрытая прэзэнтацыя «Жыве Беларусь!» у нямецкім Рэгенсбургу. Фільм прадставіў Франак Вячорка. Пасля паказу ён адказаў на пытанні гледачоў. Немцаў цікавіла, што ў фільме з'яўляецца праўдай, а што - мастацкай выдумкай. Таксама пыталіся пра сітуацыю ў Беларусі. Паказ фільма адбыўся ў межах цыклу імпрэз «Ці ведаеце вы Беларусь?».

Бліжэйшым часам фільм будзе паказаны ў Брусэлі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках