5 траўня 2024, Нядзеля, 7:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паломнікі з Менска выйшлі ў Будслаў

4

Сёння пачалося пешае паломніцтва з беларускай сталіцы ў Будслаў.

Яго ўдзельнікі сабраліся каля архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Перад пачаткам паломніцтва мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў у саборы набажэнства, піша сайт catholic.by.

«Сілай духу Святога, якому асаблівым чынам адкрываюцца людзі падчас паломніцтва, мы будзем падобнымі да Бога і імкнемся стаць дасканалымі, як наш нябесны Айцец. Раней людзі месяцамі і нават гадамі ішлі пешшу. У наш час захаваліся пешыя паломніцтвы, хоць усё часцей практыкуюцца паломніцтвы самалётам, цягніком, аўтобусам, аўтамабілем. Але сутнасць не змяняецца - падчас паломніцтва павінна адбыцца духоўная трансфармацыя чалавека на шляху да Бога», - сказаў ён.

Мітрапаліт Кандрусевіч благаславіў вернікаў на паломніцтва і ўручыў крыж, які яны будуць несці наперадзе пешай працэсіі. Кіраўнік гэтай групы ксёндз Кірыл Бардонаў атрымаў ад іерарха сімвалічныя карту, барометр і свісток.

Паломнікі з Менска выйшлі ў Будслаў. Фота: catholic.by

Нагадаем, юбілейны фестываль у Будславе, прысвечаны абразу Божай маці, пройдзе 5-6 ліпеня. Папа рымскі Францыск у знак салідарнасці і падтрымкі накіраваў на ўрачыстасці ў Будслаў свайго легата - кардынала Жан-Луі Тарана.

У гэтым годзе свята будзе асабліва ўрачыстым, бо абраз Маці Божай Будслаўскай знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ўжо 400 гадоў.

Гэты абраз быў падораны ў 1598 годзе папам рымскім Кліментам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля смерці Паца вобраз перайшоў каплану Ісаку Салакаю, які ў 1613 годзе падарыў яго Будслаўскаму кляштару бернардынцаў. Абраз праславіўся цудамі лячэння, якія былі апісаныя настаяцелем Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках