18 траўня 2024, Субота, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчанцы прадалі ў «Радзівілаўскім» зялёную каўбасу

48

Ва ўніверсаме сцвярджаюць, што яна ядомая.

У рэдакцыю onliner.by прыйшоў ліст чарговай незадаволенай пакупніцы. На гэты раз спажывецкі канфлікт завязаўся вакол палкі каўбасы. Па словах менчанкі, яна купіла сапсаваны прадукт зялёнага колеру. Мала таго, запэўнівае жанчына, кавалачак этыкеткі з тэрмінам прыдатнасці быў спецыяльна адарваны, каб схаваць сляды кулінарнага злачынства. У краме кажуць, што каўбаса ў норме і тэрмін прыдатнасці яшчэ не выйшаў.

«Будзьце асцярожныя, набываючы каўбасныя вырабы, спакаваныя ў поліэтыленавую харчовую плёнку, ва ўніверсаме «Радзівілаўскі», размешчаным у Менску па вул. Лесі Украінкі, 22! - напісала менчанка Валянціна. - Учора, 14 ліпеня, я набыла ў дадзенай краме палку каўбасы «Маскоўская», спакаваную ў харчовую плёнку. Прыйшоўшы дадому і разрэзаўшы яе, убачыла, што ўнутры яна друзлая і зялёная, з непрыемным пахам. Вырашыўшы паглядзець тэрмін прыдатнасці, я выявіла, што на этыкетцы маецца надпіс «Тэрмін захоўвання 16 сутак з моманту вырабу». Аднак участак этыкеткі з самой датай вырабу быў адарваны. Сфатаграфаваўшы ўсё гэта, я вырашыла вярнуцца ў краму. Якое ж было маё здзіўленне, калі я ўбачыла, што на вітрыне на ўсіх (іх было дзве) палках такой жа каўбасы дата вырабу таксама была адарваная. Я гэта сфатаграфавала на камеру мабільнага тэлефона, а затым папрасіла прадаўца запрасіць кіраўніка. Намеснік загадчыка аддзела не змагла адказаць мне, чаму ў продажы знаходзіцца такі тавар. З падобнай сітуацыяй у дадзенай краме я сутыкнулася ўжо другі раз і таму вырашыла паведаміць пра дадзены факт».

Па тлумачэнне журналісты звярнуліся да адміністрацыі ўніверсама. Вось што адказала намеснік загадчыцы:

«Каўбасу гэтую я бачыла, тэрмін прыдатнасці яе не мінуў. Яна ядомая, несапсаваная. Але тое, што яна друзлая, гэта так. Таму мы і прад'явілі прэтэнзіі пастаўшчыку, я спрабавала датэлефанавацца да яго. Каўбаска ж якая павінна быць унутры? Роўненькі фарш. А калі мы разрэзалі, паглядзелі, ён друзлы апынуўся. Таму па гэтай скарзе пакупніка мы прад'явілі пастаўшчыку прэтэнзіі. Справа ў якасці самой сыравіны. І яшчэ, мабыць, у працэсе варэння дзесьці недагледзелі. Хоць гэты пастаўшчык пастаўляе цудоўныя каўбаскі, і пытанняў, прэтэнзій ніколі не было. Гэта беларускі пастаўшчык, з імпартам мы амаль не працуем».

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках