8 траўня 2024, Серада, 17:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы супраць кітайскага парку: Нас ператвараюць у наёмных рабоў

148
Беларусы супраць кітайскага парку: Нас ператвараюць у наёмных рабоў

Жыхары Смалявіцкага раёна пратэстуюць супраць стварэння кітайскага тэхнапарку.

Больш за ўсё іх турбавалі пытанні ўплыву будаўніцтва новых прадпрыемстваў на экалогію. Многія таксама асцерагаюцца таго, што ў Беларусі апынецца вялікая колькасць кітайцаў.

Гэтыя і іншыя пытанні ўздымаліся на грамадскіх слуханнях, якія былі прысвечаныя будаўніцтву парку і прайшлі ў Смалявічах ўчора.

На іх прысутнічалі каля сотні мясцовых жыхароў. Яны адразу выказалі сваё абурэнне тым, што слуханні былі прызначаныя на нязручны час, і многія жадаючыя проста не змаглі на іх патрапіць, перадае «Радыё Свабода».

Перад прысутнымі выступілі першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага тэхнапарку Кірыл Карацееў, прадстаўнік адміністрацыі Аляксандр Ярмак і галоўны архітэктар Жанна Сініцына.

Чыноўнікі не змаглі адказаць на многія пытанні, якія хвалявалі мясцовых жыхароў. У ходзе дыскусіі высветлілася, што шэраг дакументаў, якія тычацца экалогіі, пазначаныя грыфам «для службовага карыстання». Засталіся без адказу пытанні і пра тое, якія канкрэтна заводы будуць пабудаваныя на тэрыторыі парку і хто з'яўляецца іх інвестарам. На вострыя пытанні чыноўнікі рэагавалі нервова.

Член мясцовага дачнага кааператыва Леанід Ракавец лічыць, што парк будзе аказваць негатыўны ўплыў на экалогію і раёна, і Менска. Дачнік звязвае гэта з плануемай высечкай лесу, які ў цяперашні час з'яўляецца ахоўнай зонай сталіцы, перадае БелаПАН.

«Лес высякаецца цяпер. А калі вырастуць кусты, якія плануецца пасадзіць?» - задаў пытанне ён.

Ракавец таксама выказаў занепакоенасць тым, што сельгаспрадукыя, якая гадуецца на дачных пасёлках, будзе заражаная выкідамі шкодных рэчываў у выніку дзейнасці прадпрыемстваў і руху аўтатранспарту. «Магчыма, нам варта ўсім купіць адгазнікі і перастаць угнойваць глебу?» - задаў ён чарговае пытанне.

На гэта галоўны архітэктар праекта БелНДІ горадабудаўніцтва Жанна Сініцына адказала, што, калі і будзе нейкае шкоднае ўздзеянне, то рэчывы будуць выпадаць на створаную санітарную зону, «а не на вашыя гарбузы і агуркі».

Паводле яе слоў, інфраструктура парку ўключыць у сябе шматкватэрнае і сядзібнае жыллё, прамысловыя, транспартныя аб'екты. Будуць пабудаваныя тры школы, пяць дзіцячых садкоў. Таксама прадугледжанае будаўніцтва казіно.

Слуханні не паўплывалі на меркаванне мясцовых жыхароў аб будаўніцтве парку.

«Кітайцам аддаюць цэнтр рэспублікі. Яны сабе робяць трамплін і ў Маскву, і на Захад. Апору для кітайскай імперыі. А нам што застаецца? Да чаго мы ідзем? Мы стаім перад усім светам з працягнутай рукой. І кітайцы нас выратуюць? Хто пралічваў, якія будуць даходы? Мы - не людзі, нас хочуць закапаць жыўцом і ператвараюць у нацыю наёмных рабоў», - кажа мясцовая жыхарка Таццяна Клімава.

Нагадаем, указ аб кітайска-беларускім індустрыяльным парку, які размесціцца на тэрыторыі больш за 8 тыс. га ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласці, быў падпісаны ў чэрвені 2012 года. Меркаваны аб'ём прамых інвестыцый у гэты праект складзе каля 2 млрд. даляраў, а па прагнозах амбасады КНР, можа быць павялічаны да 5,5 млрд. даляраў.

Напісаць каментар 148

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках