2 траўня 2024, Чацвер, 23:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Філарэта адправяць на пенсію?

66
Філарэта адправяць на пенсію?

У Беларускай праваслаўнай царквы можа з'явіцца новы кіраўнік.

Пра гэта сведчаць сінхронныя выступленні Аляксандра Лукашэнкі і протаіерэя Фёдара Поўнага напярэдадні візіту ў Менск патрыярха Кірыла, піша «Салідарнасць».

У прыватнасці, Лукашэнка, падкрэсліваючы ролю праваслаўнай царквы ў грамадстве, заявіў, што «мы пачынаем хварэць» заганамі, якія ўжо даўно бушуюць на Захадзе. Пры гэтым Лукашэнка занепакоіўся перспектывай страціць «цэлае пакаленне моладзі» і заявіў: «Мне здаецца, мы на парозе нейкай рэформы, хай спакойнай, эвалюцыйнай, паступовай рэформы праваслаўнай царквы».

Больш за тое, Лукашэнка завочна заклікаў патрыярха Кірыла да «перабудовы»: «Лічу, што царква любой канфесіі павінна ісці побач з грамадствам. Не патураючы недахопам грамадства, яна павінна змагацца супраць іх, але ні ў якім разе не адставаць ад агульнага развіцця. Калі ён [патрыярх Кірыл] цяпер страціць час і не пераканае сваё асяроддзе, паству, што трэба паволі рэфармавацца, напэўна, не хутка мы вернемся да гэтага пытання».

Заявы Лукашэнкі адрасаваныя, перш за ўсё, унутранай аўдыторыі і могуць быць звязаныя з пытаннем змены кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы. 78-гадовы мітрапаліт Філарэт, з аднаго боку, не адрозніваецца моцным здароўем. Год таму кіраўнік БПЦ трапіў у рэанімацыю - яму стала дрэнна падчас літургіі ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы Гомеля. З іншага боку, у апошні час царква не заўсёды стаіць ў рэчышчы «лініі партыі». Так, афіцыйнае выданне БПЦ «Царкоўнае слова» друкавала лісты з заклікамі вызваліць арыштаваных за ўдзел а пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў. А ў Калядным пасланні мітрапаліт Філарэт казаў, што «свабода ёсць найвялікшы дар».

У кулуарах абмяркоўваюцца магчымыя прэтэндэнты на пасаду новага Патрыяршага экзарха БПЦ. Найбольш верагоднай кандыдатурай на змену мітрапаліту Філарэту называецца настаяцель Усіхсвяцкага прыходу ў Менску Фёдар Поўны.

У сувязі з гэтым характэрна, што 25 ліпеня протаіерэй Поўны даў інтэрв'ю Першаму каналу беларускага тэлебачання, прысвечанае ўрачыстасцям, якія рыхтуюцца. Аднак змест інтэрв'ю відавочна выйшаў за рамкі інфармацыйнай нагоды. Поўны распавёў пра сваю біяграфію, пра ажыццёўленыя ў Менску сацыяльныя дабрачынныя праекты і падзякаваў дзяржаве за фінансавую падтрымку, якая аказваецца царкве.

Асабліва характэрныя рытарычныя дэталі 12-хвіліннага інтэрв'ю. Фёдар Поўны з задавальненнем заявіў, што сёння бачыць у храме шмат дзіцячых твараў, а «бабулі для нас - ці ледзь не музейная рэдкасць». У тым жа рэчышчы на наступны дзень выступіць Аляксандр Лукашэнка.

Варта адзначыць, што ў ліпені з'явілася адразу некалькі інфармацыйных нагод, звязаных з Фёдарам Поўным. Так, протаіерэй увайшоў у склад Грамадскага савета пры МУС Беларусі. А на «Славянскім базары» святар атрымаў спецыяльны дыплом «За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расеі» з рук дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Рыгора Рапоты - «за рэалізацыю задумы храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі».

Протаіерэй Фёдар Поўны, патрыярх Кірыл, старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька

Протаіерэй Фёдар Поўны, патрыярх Кірыл, старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька

Высокая верагоднасць, што тэма змены кіраўніцтва БПЦ закраналася і падчас візіту ў Менск патрыярха Кірыла. Якое развіццё атрымае гэты сюжэт, стане вядома ўжо ў найбліжэйшай будучыні.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках