15 траўня 2024, Серада, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ксёндз Юзэф Пятушка: Уладзіслаў Лазар не мог быць шпіёнам

18
Ксёндз Юзэф Пятушка: Уладзіслаў Лазар не мог быць шпіёнам

У Беларусі разгараецца дзіўны шпіёнскі скандал. Пільную ўвагу беларускіх спецслужбаў на гэты раз прыцягнуў каталіцкі святар.

Ксяндза Уладзіслава Лазара ў Барысаве мала хто ведаў. Ён прыехаў служыць у гэты горад менш, чым тры месяцы таму. Затое блізка пазнаёміцца з ім, напэўна, паспелі супрацоўнікі КДБ. Святар ужо больш за месяц знаходзіцца ў следчым ізалятары, паведамляе «Радыё Рацыя».

Настаяцель касцёла Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі Юзэф Пятушка служыць у Барысаве з 1990 года. Ксяндза Уладзіслава Лазара ён амаль не ведаў. Інфармацыю пра яго арышт убачыў у інтэрнэце. Тэлефон святара да гэтага часу не змаўкаў. Акрамя вернікаў, Уладзіслава Лазара шукалі супрацоўнікі міліцыі.

Юзэф Пятушка не верыць у тое, што Уладзіслаў Лазар мог быць шпіёнам. Гісторыя з арыштам нагадала яму часы «халоднай вайны».

«Для мяне гэтая гісторыя вельмі смешная. Я стары чалавек. Мне 83 гады. Я памятаю, калі пачаўся Другі Ватыканскі сабор, у савецкай прэсе пісалі, што на ім сышліся Папа Рымскі і амерыканскі прэзідэнт для таго, каб знішчыць Савецкі Саюз. Хтосьці можа падумаць, што гэта палітыка», - разважае Юзэф Пятушка.

Згодна з дэтэктывамі, жартуе ён, шпіёнам міжволі можа стаць кожны.

«Як гэта бывае ў фільмах. Нехта еў банан. Кінуў скурку на зямлю. Потым нехта ішоў і паслізнуўся. Збіў чалавека з лесвіцай. Той чалавек з лесвіцай зачапіў другога, які мые акно. Утварыўся цэлая ланцуг злачынстваў. Такім чынам, несвядома можна стаць злачынцам», - жартуе Юзэф Пятушка.

Барысаўскія вернікі больш стрыманыя наконт ксяндза Уладзіслава Лазара. Кажуць, што раней ён служыў у Мар'інай Горцы. Калі пераехаў у Барысаў, пасяліўся на здымнай кватэры.

«Мы яго, можна сказаць, толькі знешне сталі пазнаваць. А калі знік, думалі, што ў паломніцтва адправіўся альбо з'ехаў па асабістых справах», - заўважае адна з верніц.

Пераемнік Лазара ксёндз Аляксей не хоча мець зносіны з прэсай і адсылае журналістаў да мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Галоўны рэдактар незалежнай газеты «Борисовские новости» Анатоль Букас упэўнены: гісторыя з арыштаваным святаром стаіць у адным шэрагу з дзіўнымі справамі наваполацкага апазіцыянера Андрэя Гайдукова і незалежнага журналіста Антона Сурапіна.

«Чуткі ходзяць розныя, але акрамя таго, што ўжо распавядала пра ксяндза Уладзіслава Лазара незалежныя прэса, я больш не маю інфармацыі. Але лічу, што гэта чарговы піяр уладаў, каб адцягнуць увагу ад праблем, якія сёння існуюць у краіне. Маўляў, паглядзіце, злавілі святара-шпіёна», - кажа Анатоль Букас.

Як бы там ні было, але Каталіцкая царква ў Беларусі афіцыйна пацвердзіла факт арышту ксяндза Уладзіслава Лазара. Перамовамі па справе святара займаецца амбасадар Ватыкана Клаўдыё Гуджэроці. КДБ таксама не абвяргае арышт Уладзіслава Лазара, але больш ніякай інфармацыі не дае. І пакуль тут няма яснасці, краіна можа займець новы паказальны шпіёнскі працэс.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках