1 траўня 2024, Серада, 23:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафсаюзнага актывіста звольнілі з бабруйскага завода

7
Прафсаюзнага актывіста звольнілі з бабруйскага завода

Рабочы Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Зміцер Курмаз быў звольнены 31 ліпеня.

Ён быў наладчыкам аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў і працаваў на прадпрыемстве з 2007 года, і з таго часу не меў дысцыплінарных спагнанняў. Звольнены рабочы ўпэўнены, што ад яго пазбавіліся, так як ён з'яўляецца сябрам завадской пяршоўкі СПБ, піша сайт ПЦ «Вясна».

«Кіраўніцтва не хавае, што кантракт са мной не падаўжаецца, таму што я з'яўляюся сябрам свабоднага прафсаюза завода. Усе работнікі ўчастка здзіўленыя і абураныя гэтым рашэннем. Здзіўляе той факт, што на заводзе востра не хапае кваліфікаваных кадраў, і ў той жа самы час адміністрацыя завода раскідваецца гэтымі кадрамі направа і налева, пры гэтым дае аб'явы пра тое, што заводу патрабуюцца кваліфікаваныя работнікі», - напісаў Зміцер Курмаз у заяве да міністра прамысловасці Беларусі, якую склаў, калі даведаўся пра звальненне.

Рабочы не верыць, што будзе адноўлены на працы. «Я не спадзяюся на Вашу абарону. Ёсць прынцыпы, якімі нельга паступіцца. Права, у якім прафсаюзе мне быць, дадзена мне, не майму начальніку. Хачу проста паставіць у вядомасць, як на РУП «БЗ ТДіА» раскідваюцца спецыялістамі», - гаворыцца ў заяве. Копію гэтага ліста Зміцер даслаў таксама гендырэктару МТЗ (ТДіА філіял гэтага прадпрыемства).

Рабочыя участкаў, якія абслугоўваў на заводзе Зміцер Курмаз, былі абураныя такім рашэннем кіраўніцтва завода. Яны, у сваю чаргу, напісалі калектыўны зварот дырэктару прадпрыемства Аляксандру Аграновічу.

«Звяртаемся да Вас з хадайніцтвам аб падаўжэнні кантракту з наладчыкам 5-га разраду механазборачнага цэха № 1 Курмазам З.М. За ўвесь час працы ён зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. Ускладзеныя на яго абавязкі выконвае якасна і хутка. У станочнікаў, чые станкі ён абслугоўвае, прэтэнзій і заўваг па яго працы няма. Надзейны таварыш, у калектыве карыстаецца павагай і заслужаным аўтарытэтам. Мы, работнікі механічнага ўчастку № 1 механазборачнага цэха № 1, здзіўленыя такім рашэннем кіраўніцтва цэха, калі з высокакваліфікаваным наладчыкам, якім з'яўляецца Зміцер Курмаз, не падоўжыцца кантракт», - гаворыцца ў заяве, пад якой падпісаліся 25 калегаў звольненага рабочага.

«Я заяўляю, што звальненне Змітра Курмаза носіць палітычны характар, - кажа старшыня пяршоўкі СПБ Міхаіл Кавалькоў. - Вось адміністрацыя завода часта абвінавачвае нас у палітызаванасці, хоць мы проста імкнемся абараняць правы рабочых. Вось тое, чым яны займаюцца цяпер - гэта палітызаваны, прадузяты падыход да працоўнага. Узгадайце нядаўні выпадак з Сяргеем Пічуговым, якога з цяжкасцю ўдалося аднавіць на працы. Што тычыцца Змітра, то тут мы не чакаем цуду. Намеснік дырэктара па кадрах і ён жа ідэолаг завода Уладзімір Елісеенка не працаваў у адным цэху з Курмазам, але звальняе яго. А людзі, якія працуюць побач, высока цэняць яго прафесійныя навыкі, ніяк не могуць паўплываць на сітуацыю! Я расцэньваю гэта як знішчэнне нашай прафсаюзнай арганізацыі, паколькі звальняюць тых, хто не баіцца выказаць сваё меркаванне. Аграновіч і Елісеенка не ўсведамляюць, што з цягам часу могуць трапіць у падобную сітуацыю», - каментуе Міхаіл Кавалькоў звальненне Змітра Курмаза.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках