4 траўня 2024, Субота, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Ярмошынай спыталі пра сумленне

74
У Ярмошынай спыталі пра сумленне

Актывіст са Слуцка Аляксандр Солап спытаў у кіраўніцы ЦВК пра яе «маральна-этычныя прынцыпы».

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» са Слуцка Аляксандр Солап звярнуўся з адкрытым лістом да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай. Падставай для ліста сталі выбары ў мясцовыя «саветы дэпутатаў», якія пройдуць у хуткім часе.

Справа ў тым, што яшчэ падчас парламенцкай выбарчай кампаніі 2012 года спадар Солап меў намер зарэгістравацца кандыдатам па Слуцкай выбарчай акрузе. Для гэтага ім была праведзеная доўгая падрыхтоўчая праца, зарэгістраваная ініцыятыўная група, сабраная неабходная колькасць подпісаў. Аднак Слуцкая акруговая камісія рэгістраваць Аляксандра Солапа ў якасці кандыдата адмовілася, прызнаўшы несапраўднымі 62 подпісы з 360 правераных. Паўторная ж праверка ЦВК выявіла, што з 62 подпісаў, прызнаных акруговай камісіяй несапраўднымі, такіх на самай справе толькі 9, і падстаў для адмовы Солапу ў рэгістрацыі па гэтай прычыне няма, піша ПЦ «Вясна».

Нягледзячы на адсутнасць юрыдычных падстаў, Цэнтрвыбаркам адмовіў Аляксандру Солапу ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ад «па маральна-этычных меркаваннях».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў тады ў прысутнасці журналістаў, што ён кожны дзень атрымліваў лісты з просьбамі «не рэгістраваць Солапа, таму што ён злачынец». Сам Аляксандр Солап ніколі не хаваў таго факту, што раней прыцягваўся да адказнасці. Аднак, адбыццё адмеранага пакарання і адсутнасць правапарушэнняў пасля абумовілі пагашэнне судзімасці і, адпаведна, не маглі быць перашкодай для рэгістрацыі ў якасці кандыдата. Нават Слуцкая акруговая камісія не змагла «зачапіцца» за мінулае спадара Солапа, выпраўленае законам і ім самім.

На бліжэйшых выбарах у мясцовыя «саветы дэпутатаў» Аляксандр Солап вырашыў зноў прыняць удзел у якасці кандыдата. Аднак пачынаць кампанію, на яго думку, магчыма толькі пасля рашэння шэрагу пытанняў, якія ў сваім адкрытым лісце ён і адрасуе «нязменнай» кіраўніцы Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. У прыватнасці, спадар Солап цікавіцца, дзе ў заканадаўстве прапісаныя крытэры маральна-этычных прынцыпаў, якімі кіравалася ЦВК пры адмове ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты ў ходзе «парламенцкай» кампаніі, і задае старшыні ЦВК наступныя пытанні: «Як бы больш падрабязна азнаёміцца з гэтымі маральна -этычнымі прынцыпамі, або яны не пісаныя, а трактаваць і ўжываць іх - гэта ваша выключнае права? Як мне вызначыць, ці падыходжу я па вашых маральна-этычных прынцыпах для ўдзелу ў будучай выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата ў мясцовыя дэпутаты, і калі не, то чаму?»

У адкрытым лісце актывіст кампаніі «Гавары праўду!» нагадвае, што ў Беларусі на 100 тысяч чалавек насельніцтва прыпадае 440 зняволеных. У той жа час па колькасці асуджаных на 100 тысяч грамадзян краіны Беларусь займае другое месца ў Еўропе пасля Расеі. У 2012 годзе былі асуджаныя большасць кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх паплечнікі па партыям, грамадскім аб'яднанням ці грамадзянскай кампаніі. Магчыма, для многіх з іх, а таксама ўсіх тых, хто калі-небудзь прыцягваўся да адказнасці, стаіць такое ж пытанне - ці варта ім пачынаць падрыхтоўку да выбарчай кампаніі і ці падыдуць яны па маральна-этычных прынцыпах нашаму ЦВК? Таму свае пытанні Аляксандр Солап лічыць не прыватнай справай, а запытам тысяч грамадзян Беларусі.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках