5 траўня 2024, Нядзеля, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы паказалі робатаў будучыні (Відэа)

18
Навукоўцы паказалі робатаў будучыні (Відэа)

Вялікую колькасць ультрасучасных робатаў паказалі ў Лондане ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі.

Яна была прысвечана так званым «жывым машынам». Акцыя, зладжаная ўніверсітэтам Шэфілда, аб'яднала распрацоўшчыкаў тэхналогій з усяго свету. Іхняя мэта - не толькі прасунуць робататэхніку, прыпадабняючы яе прыродзе, але і дапамагчы навукоўцам на грунце гэтых напрацовак атрымаць больш ведаў аб жывых арганізмах, піша NEWSru.com.

Знакаміты Музэй навукі ў дні канферэнцыі запоўнілі самыя дзіўныя механічныя стварэнні - машыны з рухальнымі і сэнсарнымі функцыямі, як у жывёлін, а таксама андроіды, здольныя казаць, спяваць, танцаваць, «выказваць эмоцыі» і нават маляваць неблагія партрэты, піша The Daily Mail.

Шмат якія з выстаўленых робатаў маюць датыкальныя здольнасці. У аднаго, напрыклад, ёсць «жмуток» штучных валасін або вібрыс, створаных на падабенства адчувальных мышыных вусікаў (хоць у параўнанні з мышшу і сам робат, і яго вібрысы нашмат буйнейшыя). Кожная «валасіна» рухаецца ў розныя бакі, даследуючы аб'ект, а сэнсар акумулюе ўспрыманне.

Іншы асобнік - малюсенькі робат-землярыйка - можа пры дапамозе дотыку даследаваць наваколле і рухацца за «здабычай» меншага памеру, апісвае аўтар артыкула.

Яшчэ адна група распрацоўшчыкаў стварыла механічную кісць рукі на падставе ўяўленняў навукоўцаў пра тое, якія змены адбываюцца з пластамі эпідэрмісу на кончыках чалавечых пальцаў пры дакрананні.

На выставе былі паказаныя і дзіўныя біягібрыды - у гэтых машынах спалучаныя біялагічныя і штучныя часткі. Адным з такіх робатаў «кіруюць» слізевікі - найпростыя арганізмы, здольныя элементарна ўспрымаць і запамінаць. Праз іх рэакцыю на вонкавыя раздражняльнікі машыне перадаюцца розныя «эмоцыі».

Пры гэтым даследчыкі не выключаюць, што мы і самі можам у будучыні стаць свайго кшталту біягібрыдамі, бо наша сувязь з навакольнай тэхнікай становіцца ўсё больш шчыльнай, а залежнасць - усё больш выяўнай.

Некаторыя з экспанатаў, пададзеных на канферэнцыі, нібы навеяныя ўжо даўно прыдуманы пэрсанажамі кіно і анімацыйных фільмаў. Напрыклад, «жывое адзенне», што мяняе колер, як хамелеон, і адлюстроўвае такім чынам эмоцыі яго носьбіта, часткова нагадвае індыкатар з савецкага анімацыйнага фільма «Таямніца трэцяй планеты». Той, праўда, з’яўляўся не адзежкай, а самастойным арганізмам, але яго эмоцыі таксама выяўляліся ў колеры.

Яшчэ больш асацыяцый выклікаюць чалавекападобныя робаты. Robothespian кажа, спявае і нават «хныкае», выказваючы «эмоцыі» вадкакрышталічнымі вачыма. «Характарам» ён найперш нагадвае знакамітага C-3PO з «Зорных войнаў».

Робат з імем iCub танцуе пад музыку, вучыцца новым рухам, а таксама даследуе аб'екты зусім як маленькае дзіцё (успамінаецца як мінімум хлопчык-робат Дэвід з «Штучнага розуму»).

Яшчэ адзін робат, Paul, за паўгадзіны можа намаляваць партрэт чалавека, што пазуе яму. Выходзіць няблага, не горш чым у аўтаматона з фільма «Захавальнік часу».

У музэі таксама былі паказаныя робаты, якія паводзяцца як спруты, рыбы, чарвякі, павукападобныя. А «механічны сабака» даволі ўпэўнена крочыць, пераадольваючы невялікія перашкоды і адаптоўваючыся да змены нахілу паверхні, і нават бегае.

Як кажуць арганізатары, канфэрэнцыя накіраваная на развіццё будучых тэхналогій на базавых прынцыпах жывых сістэм і той плыні сігналаў, якая злучае іх з штучнымі сістэмамі. «Гэтыя тэхналогіі будуць рабіць сур'ёзны ўплыў на шмат якія аспекты нашага жыцця ў будучыні, - кажа прафэсар кафэдры псіхалогіі ўніверсітэта Шэфілда Тоні Прэскат. - Яны ўзнімуць важныя пытанні этыкі і практычнага ўжывання, і канфэрэнцыя - добры шанц звярнуцца да іх ужо цяпер».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках