Фотафакт: вялізны партрэт рэпрэсаванага архітэктара ў Гомелі
12- 4.08.2013, 11:19
- 23,345
Гомельскія графіцісты намалявалі партрэт рэпрэсаванага архітэктара на муры дома ў цэнтры места.
Незвычайную карціну могуць заўважыць гамельчукі, праходзячы па вуліцы Кірава. Тут, проста на фасадзе дома нумар 44 малююць велізарны партрэт чалавека, якога большасць гамельчукоў, напэўна, і не ведае. Графіст на аўтакране выводзіць аэразольнымі фарбамі твар таленавітага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, аўтара большасці захаваных у Гомелі старадаўніх будынкаў. Праўда, помніка архітэктару ў горадзе да гэтага часу няма, але цяпер будзе хоць бы такі арыгінальны мэмарыял, каб болей гамельчукоў даведаліся, каму яны абавязаныя навакольным хараством, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
Будаваць будынкі паводле праектаў Шабунеўскага ў Гомелі пачалі з канца 19-га стагоддзя, а ўжо ў 1937 архітэктара рэпрэсавалі, ён загінуў у высылцы. І ягоным астатнім - няскончаным - творам стаў менавіта дом нумар 44 на вуліцы Кірава.
«Таму партрэт выяўляе палову твару, як сімвал тых спраў, якія архітэктар не паспеў скончыць», - распавядае графіст Канстанцін Окунеў, дарэчы, тэхнік-архітэктар з адукацыі.
Характэрна, што замовілі графіці мясцовыя ўлады - адміністрацыя Чыгуначнага раёна Гомеля. Аўтарам ідэі стаў Сяргей Ляпін, а эскіз намаляваў Дзмітрый Ніканораў.