5 траўня 2024, Нядзеля, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Пачобут: Рэжым не збіраецца адмаўляцца ад рэпрэсій

8
Анджэй Пачобут: Рэжым не збіраецца адмаўляцца ад рэпрэсій

Адміністрацыя турмаў зноў патрабуе падпісання прашэнняў аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Чаму і навошта праводзіцца практыка, падчас якой у дачыненні да вязняў сумлення прымяняюцца крайнія меры, у тым ліку катаванні? Пра гэта ў інтэрв'ю сайту palitviazni.info распавядае гродзенскі журналіст, карэспандэнт «Gazety Wyborczej» Анджэй Пачобут.

- Сапраўды, катаванні - досыць распаўсюджаная практыка ў турмах. Пра гэта сведчыў у адным са сваіх апошніх лістоў з турмы і Мікалай Статкевіч. Вядома, што ўлады вельмі хочуць, каб асуджаныя «раскаяліся» і папрасілі прабачэння перад імі. І гэта нязменная тактыка, якая не залежыць ад «дыялогаў», візітаў і кантактаў. Бо гэтыя лісты дазваляюць уладам захаваць твар у гэтай сітуацыі.

- Але ж вядома, што гульня першапачаткова няшчырая, або гэтыя меры сапраўды адбеляць улады? Ці атрымаецца надалей рабіць добрую міну пры дрэннай гульні з улікам таго, што ў дачыненні да некаторых палітвязняў абвінавачванні знятыя?

- Як раз цяпер знятыя абвінавачванні з шэрагу палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і журналістаў за Плошчу. Але нельга казаць, што адбываецца нейкае паслабленне ці нават нейкім чынам увязваць гэтыя падзеі з візітам афіцыйных чыноўнікаў у Еўразвяз. Гэта аб'ектыўная рэальнасць. Тэрміны скончыліся і гэты працэс немагчыма стрымаць нейкім штучным чынам. З іншага боку, вылучаць нейкія новыя абвінавачванні шэрагу асоб, палітвязням - гэта ўжо сапраўды перашкодзіла б планам афіцыйнага Менска, ці дакладней, гульням, якія вядзе рэжым.

- Пасля таго, як былі прыпыненыя санкцыі ў дачыненні да міністра замежных спраў Макея, прагучалі асцярогі, што рэальна афіцыйны Менск не зробіць нейкіх саступак, але канчатак турэмных тэрмінаў будзе выдадзены за жэст добрай волі. Ці магчыма ўвесці ў зман у такой сітуацыі?

- Не, гэта безумоўна лухта і няпраўда. Гэта сапраўды аб'ектыўны працэс - заканчэнне тэрмінаў. Я думаю, што ў Еўропе ніхто не разглядае заканчэнне тэрміну ў якасці саступкі беларускага рэжыму. Магчыма, ёсць нейкая катэгорыя людзей, якая любую інфармацыю інтэрпрэтуе па-свойму. Магчыма, будуць весціся размовы пра лібералізацыю, але на самой справе тое, што сёння адбываецца - гэта пэўны палітычны стыль. Тут няма крокаў ні ў бок лібералізацыі, ні ў бок закручвання гаек. У грамадстве працягвае заставацца вялікі страх. Людзі, якія ўключаныя ў дыялог з рэжымам, спрабуюць зрабіць нейкі піяр вакол пэўных рэчаў. Але існуючая палітычная сітуацыя ў Беларусі надалей нагадвае штыль і застой, а ўзровень страху ў грамадстве такі ж, як і быў. Улада пэўнымі рэчамі, пэўнымі працэсамі паказвае, што кірунак на рэпрэсіі застаецца нязменным.

- Такім чынам, справы ў дачыненні да некаторых - працяг гэтай палітыкі?

- Так, гэта ў чарговы раз пацвярджае, што беларускі рэжым не мае намеру адмаўляцца ад палітыкі рэпрэсій у дачыненні да палітычнай апазіцыі. Таму, калі ў рэжыма з'яўляецца адчуванне, што трэба павялічыць узровень страху ў грамадстве, то пераслед зноў пачынаецца. Уладам не складана знайсці чарговую ахвяру. Я ўжо адзначаў, што тое, што адбываецца, - звыклы працяг. Зараз многія любяць успамінаць пра 2008, пра 2010 гады, пра тое, што была «лібералізацыя». Але пра сапраўднасць гэтых слоў лепш спытаць, калі б была магчымасць, у Мікалая Аўтуховіча, які менавіта ў гэты час быў прыцягнуты да адказнасці. Таму для беларускай улады, для беларускага рэжыму важней утрымаць грамадства не толькі пад кантролем, але і трымаць пэўны ўзровень страху. А ўсе астатнія гульні з Еўропай - гэта другаснае. Калі неабходныя нейкія дзеянні, якія ўлады лічаць карыснымі для сябе - то яны не прымусяць сябе чакаць.

- Але ва ўсім ёсць і зваротны бок медаля. Пасля таго, як у краіне з'явілася вялікая колькасць палітычных зняволеных, грамадскасці сталі вядомыя факты катаванняў у турмах. Тычыцца гэта не толькі вязняў сумлення, але і іншых асоб. Нават ліст Мікалая Статкевіча прыцягнуў увагу. Ці былі ўлады падрыхтаваныя да такога варыянту?

- Я перакананы, што беларускія ўлады абсалютна добра дасведчаныя аб сітуацыі ў турмах. Разумееце, калі ў турму садзяць палітыкаў, грамадскіх актывістаў, то не сакрэт, што яны будуць распаўсюджваць звесткі з яе. Не думаю, што для ўладаў гэта было нечакана. Сэнс такі, што гэта сапраўды адно з наступстваў, але тое, што гэтая праблема не замоўчваецца, - вельмі важна і карысна. Бо практычна адразу ж з'явіліся рухі і аб'яднанні, якія змагаюцца за правы асуджаных і не толькі па палітычных матывах. Таму ад гэтага ёсць грамадская карысць.

- А ці гатовае грамадства аддзячыць хаця б за гэты момант людзей, якія апынуліся ў турме за свае палітычныя погляды?

- На жаль, на сённяшні момант беларускае грамадства паралізаванае страхам. Вядома бытавая, людская падзяка існуе. Але, разам з тым, салідарнасці ў шырокім сэнсе гэтага слова, на жаль, мы не бачым. Ды і магчымасці для яе ўзнікнення няма.

- А якім чынам можна змяніць гэтую сітуацыю?

- Справа ў тым, што пакуль грамадства не бачыць іншага цэнтра сілы, не бачыць альтэрнатывы існуючай сістэме, існуючай уладзе. Ёсць толькі рэжым Лукашэнкі, які выкарыстоўвае рэпрэсіі і кожны ведае, што любая акцыя салідарнасці з палітычнымі вязнямі, якая мае публічны характар, будзе адразу ж спыненая, а яе ўдзельнікі і ініцыятары будуць пакараныя. А людзі акрамя гэтага не бачаць альтэрнатывы. Калі б паўстаў новы цэнтр сілы, калі б была відавочная яго ўплывовасць, альтэрнатыва існуючай уладзе, то магчыма, што погляды людзей кардынальна змяніліся б.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках