5 траўня 2024, Нядзеля, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Платныя дарогі па-беларуску: перавозчыкі ў шоку

70
Платныя дарогі па-беларуску: перавозчыкі ў шоку

Праз недасканаласці ўведзенай з 1 жніўня сістэмы электроннага збору платы за праезд па пэўных дарогах Беларусі на ўездзе ў краіну назіраюцца вялікія чэргі.

Новая нацыянальная сістэма аплаты праезду па дарогах BelToll прыйшла на змену ручному збору платы за праезд і, як запэўнілі беларускія ўлады, з'яўляецца самым сучасным і надзейным развязаннем гэтага пытання. Інвестар праекта - кампанія Kapsch - абвясціў аб увядзенні сістэмы ў камерцыйную эксплуатацыю на пэўных дарогах краіны (агульнай працягласцю 815 кіламетраў) з пачаткам апошняга летняга месяца.

Аднак, як стала вядома charter97.org, праз суткі пасля запуску сістэмы высветлілася, што на ўездзе ў Беларусь у раёне Берасця (грузавы пункт пропуску «Казловічы») сабралася мноства фур. Рухацца па сваім маршруце аўтаперавозчыкі не маглі, паколькі выдадзеныя аператарам BelToll бартавыя прылады працавалі дрэнна, праз што транспартная інспекцыя не дазваляла працягваць рух. У выніку прадстаўнікі BelToll вымушаныя былі прызнаць, што толькі за першы дзень працы зафіксавана блізу 50 выпадкаў, калі сістэма давала збой. І хоць кампанія абвясціла аб ліквідацыі непаладак да вечара 2 жніўня, цалкам праблема развязаная не была, а кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў (многія з іх перавозяць тавар, які хутка псуецца) вымушаныя заставацца ў «Казловічах»

Як распавёў charter97.org адзін з кіроўцаў, усталяваная на яго машыне бартавая прылада мае перамыкач, якім можна карэктаваць колькасць восяў на аўтамабілі, што ўплывае на суму грашовых сродкаў, якія спісваюцца.

«У той момант, калі мой аўтамабіль ужо выехаў з пункта пропуску на мяжы і наблізіўся да платнай дарогі, бартавая прылада адмовілася пераключыцца ў патрэбны рэжым, - кажа кіроўца фуры. - У службе падтрымкі сказалі, што патрабуецца вяртацца разам з грузам у пункт BelToll. Там была чарга, прыйшлося выдаткаваць нямала часу, каб прыладу замянілі і спісалі грошы з рахунку за яго ўстаноўку. Зноў еду на платную дарогу і зноў прылада не змагла пераключыцца ў патрэбны рэжым. А грошы то ўжо знялі! І няма ніякай магчымасці загадзя праверыць працу бартавой прылады, паколькі яна прывязваецца да рахунку і функцыянуе падчас язды па платнай дарозе».

Трэцяя спроба гэтага вадзіцеля памяняць прыбор прывяла да таго, што бартавыя прылады ў пункце іх выдачы скончыліся, і давялося чакаць, пакуль іх падвязуць. Пры ўсталёўцы новага прыбора ў чарговы раз былі спісаныя грошы, а вярнуць плату за ранейшыя прылады можна толькі праз тыдзень. Не дзіўна, што на аўтамабільным пераходзе «Казловічы» некалькі дзён захоўваецца нервовая абстаноўка: з бартавымі прыладамі - праблемы, а ехаць без іх вельмі рызыкоўна, паколькі штрафы вельмі высокія. Да таго ж варта ўлічваць, што для кіроўцаў фураў у летні час існуюць абмежаванні: вялікагрузным аўтамабілям нельга ехаць па трасе пры тэмпературы вышэй +25. Таму збой у сістэме BelToll пагаршае сітуацыю, зрываючы тэрміны пастаўкі тавару.

У шоку ад беларускай рэчаіснасці і замежныя грамадзяне на легкавых аўтамабілях, якія не могуць зразумець, што адбываецца пры ўездзе ў нашу краіну і як ім рухацца па платнай дарозе далей. Да таго ж за ўстаноўку бартавой прылады нельга разлічыцца валютай і замежнікам даводзіцца звяртацца ў абменнік.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках